ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),
малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.
Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл ОН−, астачы азотнай NO3−, салянай Cl, сінільнай CN− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл. Хелатныя злучэнні).
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)