САЮ́З НЯМЕ́ЦКІХ АФІЦЭ́РАЎ (Bund Deutscher Offiziere),
антыфашысцкая арг-цыя ням. ваеннапалонных у СССР у 1943—45; адзін з асяродкаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму ў 2-ю сусв. вайну. Засн. на ўстаноўчай канферэнцыі 11—12.9.1943 у с. Лунёва пад Масквой (каля 100 дэлегатаў ад 5 афіцэрскіх лагераў ваеннапалонных; прэзідэнт — б. камандзір 51-га армейскага корпуса вермахта, ген. артылерыі В. фон Зайдліц-Курцбах). Узаемадзейнічаў з Нацыянальным камітэтам «Свабодная Германія» (НКСГ), падзяляў яго мэты, праграму і метады дзейнасці, у т. л. заклік «За свабодную, незалежную Германію, супраць Гітлера!». Да вясны 1945 аб’ядноўваў каля 4 тыс. б. генералаў і афіцэраў герм. арміі (сярод іх са Жн. 1944 ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс). Распушчаны разам з НКСГ 2.11.1945.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 232
САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,
(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб. абл. арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ. «Глос знад Немна» і час. «Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт. Палякі.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 232
САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),
польская тайная вызв. арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.Канарскі, А. і Л. Залескія, С.Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс. сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б. ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.Ажэшка (гл. Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.
т. 14, с. 232
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),
масавая антыфашысцкая грамадска-паліт. арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.—чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.Васілеўскай (старшыня), С.Ендрыхоўскага, А.Завадскага, А.Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.
Ю.В.Грыбоўскі.
т. 14, с. 232
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ РАБО́ЧЫХ (СПР; Związek Robotników Polskich),
рэвалюцыйная арг-цыя рабочых у Каралеўстве Польскім у 1889—93. Засн. Ю.Мархлеўскім, Я.Ледэрам і інш. ў Варшаве, аб’яднаў рабочыя гурткі і групы інтэлігенцыі. Заклікаў рабочых да сацыяліст. рэвалюцыі, арганізоўваў стачкі, першамайскія выступленні і інш. акцыі. Арг-цыі СПР існавалі ў гарадах Жырардаў, Лодзь, Згеж, Дамброва, Сасновец і інш. У 1893 увайшоў у склад партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы).
т. 14, с. 233
САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Беларускі саюз прадпрымальнікаў,
арганізацыя, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, прадпрымальнікаў, журналістаў, эканам. і юрыд. экспертаў, абараняе іх правы-і законныя інтарэсы. Створаны ў чэрв. 1991. Кіруючы орган — з’езд, які выбірае савет, прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтаў саюза. Асн. кірункі дзейнасці: прадстаўленне інтарэсаў прыватнага бізнесу ў перагаворах з урадам, парламентам і прафсаюзамі; стварэнне прававога механізму забеспячэння абароны правоў прадпрымальнікаў; наладжванне кантактаў з міжнар. аб’яднаннямі прадпрымальнікаў і работадаўцаў; садзейнічанне экспарту прадукцыі і паслуг чл. саюза і інш.
т. 14, с. 233
«САЮ́З ПРАЛЕТАРЫЯТУ ГО́РАДА І ВЁСКІ»
(«Związek Proletariatu Miasta і Wsi»),
легальная арганізацыя Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), створаная ў жн. 1922 з мэтай удзелу ў выбарах у сейм і сенат. Пазбаўленая магчымасці выступаць адкрыта, КПРП стварыла легальную выбарчую арг-цыю «С.п.г. і в.», ЦК якой выклаў выбарчую праграму партыі ў адозве. У Зах. Беларусі выбарчыя к-ты саюза дзейнічалі ў Брэсце, Беластоку, Гродне, Вільні, Кобрыне, Лідзе. Яны ядналі вакол сябе рэв. актыў, наладжвалі мітынгі, сходы, распаўсюджвалі камуніст. л-ру. Нягледзячы на рэпрэсіі ўлад, арышты актывістаў, ануляванне ў многіх выбарчых акругах бюлетэняў і спісаў, за кандыдатаў «С.п.г. і в.» пададзена больш за 132 тыс. галасоў, з іх у Зах. Беларусі 23 тыс.; пасламі (дэпутатамі) сейма абраны камуністы С.Ланцуцкі і С.Крулікоўскі. Саюз існаваў да пач. 1925; у 1923, 1924 ён удзельнічаў у выбарах у гар. рады і праўленні бальнічных кас.
І.П.Хаўратовіч.
т. 14, с. 233
«САЮ́З ПРАЦВІТА́ННЯ,
«Саюз дабрабыту», тайная арганізацыя дзекабрыстаў у 1818—21. Засн. на базе «Саюза выратавання». Уваходзілі А.М. і М.М. Мураўёвы, С.І. і М.І. Мураўёвы-Апосталы, П.І.Песцель, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін і інш. Заканадаўчая ўлада ў «С.п.» належала Карэннай управе (30 заснавальнікаў), выканаўчая — Думе (6 чал.), мясц. ўправы існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Тульчыне, Кішынёве і інш. Мэта «С.п.» — ліквідаваць самадзяржаўе, прыгонніцтва, увесці канстытуц. праўленне. Чл. саюза праз друк і літ.-асветныя т-вы ўздзейнічалі на грамадскую думку. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва, неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да яго роспуску. Найб. актыўныя члены арганізавалі «Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў» і «Паўночнае таварыства дзекабрыстаў».
т. 14, с. 233
«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,
манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл. Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс. чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс. мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.Л.Сабалеўскі, І.Я.Гурлянд і інш. Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.Р.Бывалькевіч, Л.М.Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел. нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.
Літ.:
Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;
Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.
Э.А.Ліпецкі.
т. 14, с. 233
«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,
арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.І.Леніна, Г.В.Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).
т. 14, с. 233