Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІДРАВІ́НА,

цыліндрычная горная вырабатка глыбінёй ад некалькіх метраў да 10 км і болей, дыяметрам звычайна 75—800 мм. Праходка С. ажыццяўляецца бурэннем з дапамогай спец. буравых установак. Гл. таксама Буравая свідравіна.

т. 14, с. 256

СВІДРО́ЎКА,

рака ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 74 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад хутара Рачканы, месцамі цячэ сярод лесу, упадае ў р. Шчара за 1,5 км на Пд ад в. Меляхі. Рэчышча на працягу 7,2 км каналізаванае.

т. 14, с. 256

СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),

вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял. кн. Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял. кн. Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял. паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел. правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.

Літ.:

Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,

прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.​Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

СВІДУНО́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 29.4.1940, в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БПІ (1962). З 1968 ў Бел. тэхнал. ун-це (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні высокатэмпературных працэсаў у металургічнай вытв-сці. Распрацаваў тэхнал. асновы плазмафурменнага і дуплексплазменнага працэсаў у металургіі, новыя тэхналогіі выплаўкі зносаўстойлівых сталей і перапрацоўкі хромзмяшчальных адходаў.

Тв.:

Взаимодействие компонентов в сплавах. М., 1989 (разам з В.​П.​Глыбіным, Л.​К.​Свірко);

Плазмофурменный процесс. Мн., 1991.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 257

СВІДЭ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі на тэр. Польшчы і Беларусі (бас. рэк Віслы, Нёмана, Прыпяці) у сярэдзіне 9 — пач. 8-га тыс. да н.э. Назва ад помніка каля в. Свідры-Вельке (Польшча). У самастойную культуру вылучыў у 1923 польскі археолаг Л.​Казлоўскі. Плямёны жылі ва ўмовах тундры. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. аленя. Стаянкі кароткачасовыя адкрытага тыпу, жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбленыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Інвентар — наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, скоблі, адна- і двухпляцовачныя нуклеусы. Большасць прылад выраблялі з пласцін. Насельніцтва С.к. стала генетычнай асновай сожскай (днепра-дзяснінскай), нёманскай, бутаўскай і кундскай мезалітычных культур лясной паласы еўрап. часткі былога СССР.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 14, с. 257

СВІДЭ́РСКІ ((Świderski) Ян) (14.1.1916, г. Хмяльнік Вінніцкай вобл., Украіна — 18.10.1988),

польскі акцёр, рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1948). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1938). Дэбютаваў у 1938 у Познані. У 1944—49 працаваў у тэатрах Беластока, Любліна, Лодзі. З 1949 у Варшаве: з 1955 у «Т-ры Драматычным» (акцёр, рэжысёр, у 1962—65 маст. кіраўнік і адначасова дырэктар т-ра), з 1966 у «Т-ры Атэнэум». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Творчасці ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вострая характарнасць, майстэрства пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: «Барон» («На дне» М.​Горкага), Паэт («Вяселле» С.​Выспянскага), Стары («Крэслы» Э.​Іанескі), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата), Саламон («Цана» А.​Мілера), Йун Габрыэль Боркман (аднайм. п’еса Г.​Ібсена). Паставіў «Вяселле» Выспянскага (1955), «Паліцыя» С.​Мрожака (1958). Пастаноўшчык і выканаўца роляў Шамбяляна («Дурны Якуб» Т.​Рытнера, 1970), Фрыдрыха 11 («Фрыдрых Вялікі» А.​Навачынскага, 1977). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1976.

Літ.:

Filler W. Jan Swiderski. Warszawa, 1977.

т. 14, с. 257

СВІ́ЛА-1,

гарадзішча жалезнага веку (6—8 ст.) і эпохі феадалізму (9 — пач. 10 ст.), каля в. Свіла 1-я Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка памерам 100 × 80 м умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі. Пры раскопках знойдзены наканечнікі стрэл, скроневыя кольцы, завушніца-лунніца, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. На гарадзішчы выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з абрадам трупаспалення. Знойдзеная ў гасп. яме вял. колькасць абпаленага азімага жыта з’яўляецца самым раннім сведчаннем (9 ст.) існавання гэтай культуры на Беларусі. Комплекс асн. рэчываў дае падставы меркаваць, што гарадзішча С.-1 заснавана балцкімі плямёнамі, а пазней ператворана крывічамі ў апорны пункт пры асваенні новых зямель у Падзвінні.

В.​І.​Шадыра.

т. 14, с. 257

СВІНА́,

рака ў Гарадоцкім, Полацкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Обаль (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 360 км². Выцякае з Малога Белага возера за 1,5 на ПнЗ ад в. Прудок Гарадоцкага р-на, цячэ праз воз. Ласосна, вусце за 1,5 км на ПнЗ ад в. Казьяны Шумілінскага р-на. Цячэ па паўн.-ўсх. частцы Полацкай нізіны, па лясістай мясцовасці. Прымае прытокі з 47 азёр.

т. 14, с. 257

СВІНАВО́Д,

рака ў Лельчыцкім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 511 км². Пачынаецца за 4 км на Пн ад в. Данілевічы Лельчыцкага р-на, вусце за 1 км на Пн ад в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага р-на. Цячэ па ўсх. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Даліна ў вярхоўі месцамі трапецападобная, вузкая, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная. Пойма ў верхнім цячэнні перарывістая, у сярэднім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім — зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча звілістае.

т. 14, с. 257