САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм. Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл. Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл. Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг : трагедия тайных сделок. Мн., 1996.
У.Е.Снапкоўскі (дагавор ад 28.9.1939), У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 58