Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СЛУЖБО́ВЫЯ,

злачынствы, якія пасягаюць на нармальную дзейнасць і аўтарытэт дзярж. апарата, учыненыя службовымі асобамі з выкарыстаннем свайго службовага становішча. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с. адносяцца: злоўжыванне ўладай або службовым становішчам, бяздзеянне ўлады, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, халатнасць, атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, дача хабару, службовы падлог, утойванне або адмаўленне ад прад’яўлення афіц. дакументаў. Крымін. адказнасці за З.с. падлягаюць толькі службовыя асобы (за выключэннем пасрэднікаў у хабарніцтве і тых, хто даваў хабар), якія пастаянна ці часова выконваюць функцыі прадстаўнікоў улады, займаюць пасады на прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адм.-гасп. абавязкаў. Меры пакарання за З.с. залежаць ад ступені цяжкасці ўчыненага і іх грамадскай бяспекі.

М.Р.Белавусаў.

т. 7, с. 73

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,

у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.

Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ЖЫЦЦЯ́ І ЗДАРО́ЎЯ, СВАБО́ДЫ І ГО́ДНАСЦІ АСО́БЫ,

гл. ў арт. Злачынствы супраць асобы.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ, ПРАЦО́ЎНЫХ, ЖЫЛЛЁВЫХ І І́НШЫХ ПРАВО́Ў ГРАМАДЗЯ́Н,

злачынствы, накіраваныя супраць канстытуцыйных і інш. правоў і свабод грамадзян. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў належаць: перашкода ажыццяўленню выбарчага права, падлог выбарчых дакументаў, заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, парушэнне заканадаўства аб рэферэндуме, незаконнае выкарыстанне грашовых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў; парушэнне недатыкальнасці жылля грамадзян, законных правоў прафсаюзаў, заканадаўства аб працы, тайны перапіскі, тэлефонных перагавораў і тэлеграфных паведамленняў; адмаўленне ў прыёме на працу або звальненне цяжарнай жанчыны ці кормячай маці, праследаванне грамадзян за крытыку; парушэнне правіл аховы працы, аўтарскіх і вынаходніцкіх правоў. Пакаранне за пералічаныя злачынствы залежыць ад ступені іх грамадскай небяспекі.

М.Р.Белавусаў.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,

злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПРАВАСУ́ДДЗЯ,

наўмысныя злачынствы, накіраваныя супраць дзейнасці дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя. Адрозніваюць злачынствы, што ўчыняюцца службовымі асобамі органаў правасуддзя і інш. дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя, і З.с.п., што ўчыняюцца інш. асобамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь крымін. адказнасць настае за прыцягненне да крымін. адказнасці заведама невінаватага, умяшанне ў вырашэнне судовых спраў, вынясенне заведама неправасуднага прыгавору (рашэння, вызначэння, пастановы), заведама незаконныя арышт або затрыманне, прымушэнне да дачы паказання, за пагрозы ў адрас суддзі ці абразу яго, заведама лжывае паказанне, адказ сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў, выдачу звестак папярэдняга следства або дазнання, уцёкі з месца зняволення або з-пад варты, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, невыкананне суд. рашэння, укрыццё злачынстваў або неданясенне пра злачынства і інш.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,

злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т.л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ У СФЕ́РЫ ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА І І́НШАЙ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ,

злачынствы, якія парушаюць правільнае функцыянаванне нар. гаспадаркі, прадпрымальніцтва, сферы гандлю, аказання паслуг, выкарыстання прыродных рэсурсаў і інш.

Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: перадача або адпраўка спажыўцу недабраякаснай, некамплектнай або нестандартнай прадукцыі; рэалізацыя прадукцыі, забруджанай радыенуклідамі больш за дапушчальныя ўзроўні; ілжэпрадпрымальніцтва; выманьванне крэдыту або датацый; ілжывае банкруцтва; злоснае банкруцтва; спекуляцыя; парушэнне парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; парушэнне антыманапольнага заканадаўства; нядобрасумленная канкурэнцыя; незаконнае карыстанне таварнымі знакамі; дыскрэдытацыя ці незаконнае выкарыстанне дзелавой рэпутацыі канкурэнта; распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб прадукцыі; зрыў публічных таргоў; камерцыйны подкуп; падман пакупнікоў і заказчыкаў; выпуск у продаж недабраякасных тавараў; выраб, захоўванне з мэтай продажу або продаж моцных спіртных напіткаў хатняй выпрацоўкі; парушэнне правіл гандлю; парушэнне ветэрынарных правіл; занятак забароненымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці; утойванне ці заніжэнне прыбытку і даходаў; браканьерства і інш.

Ю.Я.Савельеў.

т. 7, с. 75

ЗЛАЯ́КАСНАЯ КАТАРА́ЛЬНАЯ гаРА́ЧКА буйной рагатай жывёлы, вострая інфекцыйная хвароба, узбуджальнік якой — спецыфічны вірус. Сустракаецца ўсюды, у т.л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя і жывёлы-вірусаносьбіты. Рэзервуарам віруса лічацца авечкі, козы і дзікія парнакапытныя. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх тыдняў да 3—4 месяцаў.

Хвароба праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 41—42 °C, крупозным запаленнем слізістых абалонак органаў дыхання і страўнікава-кішачнага тракту, пашкоджаннем вачэй і ц. н. с. Часцей хварэе буйн. раг. жывёла. Смяротнасць да 70—100%.

т. 7, с. 75