Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЧЫ́ЎКІ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Іванава, 135 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 350 ж., 138 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 219

САЧЫ́ЎКІ (Carpodacus),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 21 від. Пашыраны пераважна ў гарах Цэнтр. Азіі, 3 віды на ПнЗ Паўн. Амерыкі, 1 — у Еўропе. Жывуць у хмызняках і па ўзлесках. На Беларусі 1 від — С. звычайная (C. erythrinus), якая робіць пералёты да Індыі і Кітая.

Даўж. цела да 22 см, маса да 26 г. Самцы пераважна чырв., самкі буравата-шэрыя. Нясуць 3—6 яец. Кормяцца насеннем, ягадамі, зрэдку насякомымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Самец сачыўкі звычайнай.

т. 14, с. 219

САЧЫЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Гербелевіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Пад’яварка. Цэнтр калгаса. За 17 км на Пд ад г. Дзятлава, 156 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Наваельня. 343 ж., 139 двароў (2001). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 219

САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,

сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.

У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш. Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.

На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.

В.​А.​Ганэ, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 219

«СА́ЮДЗІС»

(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),

масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт. Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.​Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел. нар. фронту.

Літ.:

Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 219

«САЮ́З»,

1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.

Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.

Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар. касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп. КК «Прагрэс».

2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам. касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны карабель «Саюз»: 1 — стыковачны агрэгат; 2 — арбітальны адсек; 3 — прыборна-агрэгатны адсек; 4 — спускальны апарат.

т. 14, с. 219

«САЮ́ЗМУЛЬТФІ́ЛЬМ»,

расійская студыя анімацыйных фільмаў. Засн. ў 1936 у Маскве. Гл. таксама раздзел Кіно ў арт. Расія.

т. 14, с. 241

САЮ́ЗНАЯ ЛІ́ГА,

рэвалюцыйная арганізацыя ў Кітаі ў пач. 20 ст., гл. Тунмэнхой.

т. 14, с. 241

САЮ́ЗНІКІ ў першай сусветнай вайне 1 9 1 4—1 8, гл. ў арт. Антанта, Траісты саюз.

т. 14, с. 241

САЮ́ЗНІКІ ў другой сусветнай вайне 1939—4 5, гл. ў арт. Антыгітлераўская кааліцыя, Германа-італьянскі дагавор 1939, Берлінскі пакт 1940.

т. 14, с. 241