Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЯВО́ДКА, Ваявудка (Wojewódka) Бярнард (?, Кракаў — 26?.7.1554), польскі матэматык, друкар і перакладчык. Аўтар кн. «Алгарытм — навука лічбы» (Кракаў, 1553). У 1553 пераехаў з Кракава ў Брэст, дзе ўзначаліў адну з Брэсцкіх друкарняў. Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам (Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса), адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху. Верагодна, удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Брэсцкай бібліі (1563).

т. 4, с. 51

ВАЯВО́ДСКІ Уладзіслаў Уладзіслававіч

(25.7.1917, С.-Пецярбург — 20.2.1967),

савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1940). З 1940 у НДІ і ВНУ Масквы, з 1959 у Ін-це хім. кінетыкі і гарэння Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па хім. кінетыцы. Распрацаваў асн. пытанні тэорыі акіслення вадароду, колькасную тэорыю крэкінгу алефінавых вуглевадародаў. Развіў ланцуговую тэорыю гетэрагеннага каталізу (разам з М.М.Сямёнавым і Ф.Ф.Валькінштэйнам). Даследаваў механізм гетэрагенна-каталітычных рэакцый, з дапамогай метаду электроннага парамагнітнага рэзанансу свабоднарадыкальныя рэакцыі. Дзярж. прэмія СССР 1968.

Тв.:

Физика и химия элементарных химических процессов. М., 1969.

т. 4, с. 51

ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).

2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.

т. 4, с. 51

ВАЯ́Н (Vaillant) Андрэ

(3.11.1890, г. Суасон, Францыя — 23.4.1977),

французскі мовазнавец. З 1920 праф. Вышэйшай школы ў Парыжы. Даследаваў стараслав. мову («Падручнік стараславянскай мовы», т. 1—2, 1948), гіст. граматыку і лексікалогію слав. моў («Параўнальная граматыка славянскіх моў», т. 1—5, 1950—77). Рэд. «Revue des études slaves» («Агляд славянскіх даследаванняў»).

т. 4, с. 52

ВАЯ́Н (Vailland) Ражэ Франсуа

(16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),

французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус. пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1978.

Літ.:

R. Vailland // Europe. 1988. № 712/713.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 52

ВЕБ (Webb) Сідней і Беатрыса, гл. Уэб Сідней і Беатрыса.

т. 4, с. 52

ВЕ́БЕР (Weber) Альфрэд

(30.7.1868, г. Эрфурт, Германія — 2.5.1958),

нямецкі эканаміст і сацыёлаг. Брат М.Вебера. Праф. эканомікі і сацыялогіі Пражскага (1904—07) і Гейдэльбергскага (1907—58) ун-таў. Аўтар тэорыі размяшчэння прам-сці; вызначальным у размяшчэнні прамысл. прадпрыемстваў лічыў зручнасць адносна крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, магчымасць кааперавання з інш. суседнімі прадпрыемствамі, наяўнасць трансп. шляхоў зносін, што павінна макс. зменшыць выдаткі вытв-сці. «Сацыялогія гісторыі і культуры» Вебера сфарміравалася пад уплывам брата і В.Дзільтэя. Гісторыю расчляняў на 3 працэсы: сацыяльны (фарміраванне сац. ін-таў і структуры), цывілізаваны (паступальнае развіццё тэхнікі і прыродазнаўства, якое вядзе да уніфікацыі) і культурны (творчасць у форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі). Яны ўзаемазвязаны, але развіваюцца па сваіх законах. Спецыфічнасць гіст. і сац. змен пэўнай эпохі Вебер звязваў з ірацыянальным характарам культ. працэсу, тварцом якога з’яўляецца інтэлектуальная эліта, таму, на думку Вебера, гісторыю вызначае гульня духоўных сіл.

Тв.:

Kulturgeschichte als Kultursoziologie. Leiden, 1935;

Prinzipien der Geschichts – und Kulrursoziologie. München, 1951;

Рус. пер. — Теория размещения промышленности. М.; Л., 1926.

т. 4, с. 52

ВЕ́БЕР (Weber) Вільгельм Эдуард

(24.10.1804, г. Вітэнберг, Германія — 23.6.1891),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1834) і Пецярбургскай (1853) АН. Скончыў ун-т у Гале (1826). У 1828—49 праф. ун-таў у Гале, Гётынгене, Лейпцыгу. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, акустыцы і малекулярнай фізіцы. Аўтар тэорыі элементарных магнітаў — магн. дыполяў (1854) і гіпотэзы аб дыскрэтнасці эл. зараду (1848). Разам з К.Ф.Гаўсам распрацаваў сістэму эл. і магн. адзінак. Яго імем названа адзінка магн. патоку — вебер.

т. 4, с. 52

ВЕ́БЕР (Weber) Карл Марыя фон

(18.11.1786, г. Ойтын, Германія — 5.6.1826),

нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў ням. муз. рамантызму, стваральнік ням. рамант. опернага т-ра. З1801 выступаў як піяніст і дырыжор у ням. гарадах. З 1813 дырыжор оперных т-раў у Празе, Дрэздэне. Оперы Вебера «Вольны стралок» (1821), «Эўрыянта» (1823), «Аберон» (1826) далі пачатак развіццю рамант. оперы 19 ст. У найб. папулярнай оперы «Вольны стралок» Вебер развіў традыцыі зінгшпіля, пераўтварыў і ўзбагаціў яго ў духу рамант. эстэтыкі. Опера «Эўрыянта», якая сродкамі вял. рамант. оперы ўвасабляе нац.-гераічныя ідэі, моцна паўплывала на развіццё ням. муз. т-ра. Як піяніст-віртуоз Вебер у фп. творах сцвярджаў бліскучы канцэртны стыль. Аўтар муз.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, вершаў, рамана «Жыццё музыканта» (незакончаны, рус. пер. у час. «Советская музыка», 1935, № 7—8, 10).

Тв.:

10 опер, 9 кантат, у т. л. «Бітва і перамога» (1815);

5 мес, 2 сімфоніі, 3 уверцюры, канцэрты для розных інстр. з арк., у т. л. Канцэртшцюк для фп. з арк. (1821), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 6 санат для скрыпкі і фп.;

4 санаты і інш. п’есы для фп., у т. л. «Запрашэнне да танца» (1819);

хары, вак ансамблі, рамансы і песні, музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Кенигсберг А.К. Карл Вебер (1786—1826): Попул. моногр. 2 изд. Л., 1981;

Laux К. С.М. von Weber. Leipzig, 1986.

т. 4, с. 52

ВЕ́БЕР (Weber) Макс

(21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),

нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам. з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб. эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1990.

Г.П.Давідзюк.

т. 4, с. 52