ВЕ́БЕР (Weber) Эрнст Генрых
(24.6.1795, г. Вітэнберг, Германія — 26.1.1878),
нямецкі анатам і псіхафізіёлаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. псіхалогіі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Скончыў Лейпцыгскі ун-т, з 1818 праф. у ім. Яго даследаванні фізіялогіі органаў пачуццяў (слыху, зроку, скурных адчуванняў) леглі ў аснову псіхафіз. закону Вебера—Фехнера, што вызначае залежнасць паміж сілай уздзеяння вонкавых фіз. раздражняльнікаў і суб’ектыўнымі адчуваннямі, якія выклікаюцца гэтымі раздражняльнікамі. Разам з братам Эдуардам вынайшаў тармазны ўплыў блукаючага нерва на сэрца. Навук. працы па вызначэнні абсалютнай сілы мышцы, вывучэнні механізмаў хадзьбы і інш. праяўленняў рухальнай актыўнасці.
т. 4, с. 52
ВЕ́БЕР,
адзінка магнітнага патоку ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Абазначаецца Вб. 1 Вб = 1 Тл·м². Названа ў гонар В.Э.Вебера.
т. 4, с. 52
ВЕ́БЕРАЎ АПАРА́Т,
орган некаторых касцістых рыб, які злучае плавальны пузыр з органам раўнавагі (лабірынтам унутр. вуха). Складаецца з чатырох пар рухома сучлененых паміж сабой костачак — відазмененых частак першых пазванкоў і трэцяга рабра. Дае магчымасць рыбе хутка рэагаваць на змену ціску вады і мае значэнне ў перадачы гукавых ваганняў. Рыбы, што маюць вебераў апарат, здольныя ўспрымаць гукі з частатой да 13 кГц, без веберава апарата — толькі да 2,5 кГц. Названы імем Э.Г.Вебера.
т. 4, с. 52
ВЕ́БЕРН (Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон
(3.12.1883, Вена — 15.9.1945),
аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.
Тв.:
3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.
Літ.:
A. Webern. Bd. 1. München, 1983.
т. 4, с. 53
ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ, Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл. бас. 200 тыс. км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).
т. 4, с. 53
ВЕ́БЛЕН (Veblen) Тарстэйн
(30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),
амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.
т. 4, с. 53
ВЕВЯРЫ́ЦА,
векша, старажытнаруская плацежная адзінка. Назва ад вавёрчынай шкуркі, што з’яўлялася таварам-грашамі. У 10—11 ст. гэта манетны фрагмент (0,33—0,50 г) куфіцкага дырхема або зах.-еўрап. дэнарыя. У 12—13 ст. устарэлы тэрмін, што азначаў зусім нязначную, мізэрную суму.
т. 4, с. 53
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
т. 4, с. 53
ВЕ́ГА,
α Ліры, зорка нулявой зорнай велічыні (0,0 візуальнай зорнай велічыні). Адна з самых яркіх зорак Паўн. паўшар’я неба. Свяцільнасць у 50 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 8 пс. З Альтаірам і Дэнебам утварае т.зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.
т. 4, с. 53