ВЕ́БЕР

(Weber) Эрнст Генрых (24.6.1795, г. Вітэнберг, Германія — 26.1.1878),

нямецкі анатам і псіхафізіёлаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. псіхалогіі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Скончыў Лейпцыгскі ун-т, з 1818 праф. у ім. Яго даследаванні фізіялогіі органаў пачуццяў (слыху, зроку, скурных адчуванняў) леглі ў аснову псіхафіз. закону Вебера—Фехнера, што вызначае залежнасць паміж сілай уздзеяння вонкавых фіз. раздражняльнікаў і суб’ектыўнымі адчуваннямі, якія выклікаюцца гэтымі раздражняльнікамі. Разам з братам Эдуардам вынайшаў тармазны ўплыў блукаючага нерва на сэрца. Навук. працы па вызначэнні абсалютнай сілы мышцы, вывучэнні механізмаў хадзьбы і інш. праяўленняў рухальнай актыўнасці.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)