Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ

(Wacław z Szamotuł),

Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).

т. 4, с. 47

ВА́ЦЛАЎ IV

(Václav; 26.2.1361 — 16.8.1419),

чэшскі кароль з 1378, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1378—1400]. Сын Карла IV, з Люксембургскай дынастыі. У ходзе барацьбы з кааліцыяй чэш. феадалаў двойчы паланёны (1394, 1402). Каб спыніць сепаратызм і захаваць цэласнасць чэш. дзяржавы, стварыў у 1396 пастаянны каралеўскі савет з буйных феадалаў. У 1400 скінуты курфюрстамі з ням. прастола. У апошнія гады яго кіравання ў Чэхіі пачаўся Гусіцкі рэвалюцыйны рух. Пэўны час Вацлаў падтрымліваў рэфарматарскую дзейнасць Я.Гуса.

т. 4, с. 47

ВА́ЦЫЕЦІС (Vacietis) Ояр Отавіч

(13.11.1933, хутар Думп’і Валкскага р-на, Латвія — 28.11.1983),

латышскі паэт. Засл. дз. культуры Латвіі (1972). Нар. паэт Латвіі (1977). Вучыўся ў Латышскім ун-це. Друкаваўся з 1950. Чалавек як стваральнік усіх каштоўнасцей, як частка прыроды і гегемон жыцця, яго адносіны да Сусвету, гісторыі, народа і часу — асноўнае ў кнігах паэзіі Вацыеціса «Вецер далёкіх вандраванняў» (1956), «Дыханне» (1966, Дзярж. прэмія Латвіі 1967), «Час зязюль» (1968), «Гама» (1976), «Антрацыт» (1978), «Правапіс маланкі» (1980). Аўтар аповесці «Вачыма тых дзён» (1958). Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 4, с. 47

ВАЦЭ́ЦІС Іаакім Іаакімавіч

(23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

ВАЦЯКО́Ў Веньямін Іосіфавіч

(н. 1.8.1921, г. Бугуруслан Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вірусолаг. Акад. АН Беларусі (1995), АМН СССР (1978, чл.-кар. 1971), Акадэміі прыродазнаўчых навук Расіі (1990), Рас. АМН (1991), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1943). З 1950 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (да 1986 дырэктар). Навук. працы па хіміятэрапіі вірусных інфекцый, комплексным вывучэнні кляшчовага энцэфаліту, поліяміэліту, удасканаленні прафілакт. прэпаратаў супраць шаленства, гепатыту, грыпу, герпесу. Аўтар вынаходстваў па вірусных інгібітарах, тромбалітычных прэпаратах і супраць адарвання трансплантаваных органаў.

Тв.:

Западный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з І.І.Протасам, В.М.Жданавым);

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);

Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).

Літ.:

Голубев Д., Солоухин В. Размышления и споры о вирусах. М., 1989. С. 219—222.

т. 4, с. 47

Вацякоў Іван Фаміч

т. 18, кн. 1, с. 363

ВАШАКТУ́Н

(Vaxactun),

старажытны цырыманіяльны цэнтр плямён мая (1-е тыс. н.э.) у дэпартаменце Эль-Петэн (Гватэмала). У выніку раскопак выяўлены адно з найб. стараж. збудаванняў — прыступкавая храмавая платформа, якую ўпрыгожваюць маскі, будынак з фрэскавым жывапісам, рэшткі жылля з дрэва і пальмавых лістоў на мураваным падмурку 3—10 ст.

т. 4, с. 47

«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,

штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.

т. 4, с. 48

ВАШКЕ́ВІЧ Аляксандр Аляксандравіч

(28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.

т. 4, с. 48

ВАШКЕ́ВІЧ Іван Іванавіч

(н. 1.10.1937, в. Ганалес Мінскага р-на),

бел. акцёр, тэатр. дзеяч. Засл. работнік культуры Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 акцёр Бел. драм. т-ра імя Я.Коласа, з 1969 заг. аддзела культуры Віцебскага гарвыканкома, на парт. рабоце ў Віцебску і Мінску. З 1982 дырэктар Нац. акад. драм. т-ра імя Я.Купалы.

т. 4, с. 48