ВА́ХТА
(ад ням. Wacht каравул, варта),
1) асноўны від дзяжурства на караблях і суднах, які забяспечвае іх плаванне, захоўвае бяспеку, а ў ВМФ і боегатоўнасць. Падзяляецца на агульнакарабельную, спецыяльную (у баявых часцях і службах), хадавую і якарную.
2) Прамежак часу, на працягу якога адна змена вахты на караблі нясе дзяжурства.
3) Склад чарговай (вахтавай) змены нарада.
4) Група людзей, якая выязджае працаваць на пэўны перыяд часу ў зададзены раён.
т. 4, с. 46
ВАХТА́НГАЎ Яўген Багратыёнавіч
(13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.
Л.І.Паўловіч.
т. 4, с. 47
ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,
кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).
т. 4, с. 46
ВАХТА́НГ І Гаргасал
(?—502),
цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.
т. 4, с. 46
ВАХТА́НГ VI
(1675—27.3.1737),
грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.
т. 4, с. 46
ВАХУ́ШТЫ Багратыёні, гл. Багратыёні Вахушты.
т. 4, с. 47
ВАХШ,
рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл. бас. 39,1 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.
т. 4, с. 47
ВА́ХШСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная даліна паабапал сярэдняга і ніжняга цячэння р. Вахш у Таджыкістане. Даўж. 110 км, шыр. 7—25 км, выш. ад 400 да 1200 м. Складзена пераважна з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты і газу. Арашальныя сістэмы. Пасевы доўгавалакністага бавоўніку. Пладаводства.
т. 4, с. 47
ВА́ХШСКІ ХРЫБЕ́Т,
у Зах. Паміры, у Таджыкістане, на левабярэжжы сярэдняга цячэння р. Вахш. Даўж. каля 80 км. Выш. да 3141 м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, глін, кангламератаў. На схілах эфемеравыя паўпустыні і субтрапічныя стэпы.
т. 4, с. 47
ВАЦІ́Н,
палатно (таўшчынёй 3—12 мм) з аднабаковым ці двухбаковым начосам. Вырабляюць баваўняны, шарсцяны, паўшарсцяны. Выкарыстоўваюць для ўцяплення вопраткі (заменнік ваты). У Беларусі вацін выпускае Віцебскі дывановы камбінат.
т. 4, с. 47