Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЎЧО́К,

гл. Заразіха.

т. 4, с. 46

ВАЎЧО́К Алесь, бел. нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.

Тв.:

[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Krakόw, 1903. T. 2, z. 1.

т. 4, с. 46

ВАЎЧО́К Марка

(сапр. Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 22.12.1834, с. Екацярынінскае Ліпецкай вобл., Расія — 10.8.1907),

украінская і руская пісьменніца. Жонка ўкр. фалькларыста і этнографа А.В.Марковіча. Пісала на ўкр., рус. і франц. мовах. Выдавала час. «Переводы лучших иностранных писателей» (1871—72, Пецярбург). У зб-ках «Народныя апавяданні» (1857) і «Апавяданні з народнага рускага побыту» (1859) рэалістычна адлюстроўвала жыццё прыгонных сялян да рэформы 1861. У аповесцях і раманах на рус. мове («Глухі гарадок», 1862; «Жывая душа», 1868; «Цёплае гняздзечка», 1873, і інш.) выкрывала гніласць дзярж. ладу царскай Расіі, высмейвала прадажнае чыноўніцтва, інтэлігентаў-філантропаў, бурж. лібералаў. Збірала ўкр. і рус. фальклор. Пераклала на рус. мову 15 раманаў Ж.Верна, творы Х.К.Андэрсена, Б.Пруса, А.Брэма, Ч.Дарвіна.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1964—67;

Твори. Т. 1—2. Київ, 1983.

В.А.Чабаненка.

т. 4, с. 46

ВАЎЧУ́К,

гл. Стальнік.

т. 4, с. 46

ВАФІЯ́ДЗІ Уладзімір Гаўрылавіч

(10.1.1911, Масква — 17.5.1986),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1966), д-р фізіка-матэм. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1971). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1932—41). З 1931 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). У 1962—72 у БДУ. Навук. працы па інфрачырвонай тэхніцы і спектраскапіі, фізіцы атмасферы, оптыка-электронных прыладах, мадуляцыі святла і радыяцыйным вымярэнні т-ры. Адзін са стваральнікаў святлолакацыйнага дальнамера.

Тв.:

Фотоэлектрическая автоматика. Мн., 1966;

Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970 (разам з Ю.В.Паповым).

т. 4, с. 46

ВАХАБІ́ТЫ,

паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.

Літ.:

Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.

т. 4, с. 46

ВАХА́НСКІ ХРЫБЕ́Т,

на Пд Паміра, у Таджыкістане і Афганістане. Даўж. 160 км. Выш. да 6281 м. Складзены з вывергнутых і метамарфічных парод. На спадзістых схілах — трогавыя даліны, вечныя снягі, ледавікі.

т. 4, с. 46

ВА́ХМІСТР

(ням. Wachtmeister),

званне (чын) і пасада малодшага каманднага саставу ў кавалерыі і коннай артылерыі рус. арміі, а таксама жандармерыі. У інш. родах войск адпавядаў чыну фельдфебеля.

т. 4, с. 46

ВАХО́ЎСКАЯ Варвара Іванаўна

(1855, Херсонская вобл. — 1929),

рэвалюцыянерка-народніца. Жонка А.В.Бонч-Асмалоўскага. З 1872 вучылася ў Цюрыху, дзе ўступіла ў бакунінскі гурток. У 1873 вярнулася ў Расію, вяла рэв. прапаганду. Была арыштавана ў 1874, 1875, 1882, 1908. Па працэсе 193-х засуджана да ссылкі, па хадайніцтве бацькі перададзена яму на парукі. Уваходзіла ў рэв. арг-цыю «Чорны перадзел». У 1880 пераехала ў маёнтак мужа Блонь (Пухавіцкі раён Мінскай вобл.), жыла пад наглядам паліцыі. Падтрымлівала сувязь з кіраўніцтвам «Народнай волі», аказвала яму матэрыяльную дапамогу. Удзельнічала ў стварэнні і дзейнасці Блонскай сялянскай арганізацыі, дапамагала б. палітвязням, стварыла б-ку нелегальнай л-ры. Аўтар успамінаў.

т. 4, с. 46

ВА́ХРУШАЎ Валянцін Аляксандравіч

(н. 28.2.1919, в. Выстаўка Спірыдонаўская Вілягодскага р-на Архангельскай вобл., Расія),

бел. геолаг. Д-р геал. н. (1964), праф. (1971). Скончыў Свярдлоўскі горны ін-т (1943). Працаваў у Сібірскім аддз. Расійскай АН. З 1978 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па мінералогіі, петраграфіі і геахіміі горных парод і радовішч карысных выкапняў Урала і Сярэдняй Азіі, Зах. і Усх. Сібіры, Беларусі. Упершыню вылучыў скарнава-рудную фармацыю як самаст. генетычны тып залатарудных радовішч. Сааўтар адкрыцця новага мінералу — шабыніту.

Тв.:

Рудные минералы изверженных пород. Новосибирск, 1980.

т. 4, с. 46