Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗІ́МНІ ПАЛА́Ц у Санкт-Пецярбургу,

помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.

Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.

т. 7, с. 69

«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»

(«Winterzauber»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс. мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т.л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.

У.С.Пасэ.

т. 7, с. 69

ЗІМОВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар. алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II i V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III i XIII — г. Лейк-Плэсід (3UIA, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г. Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.Л.Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.У.Папоў, біятлон, эстафета 4x7,5 км, 1992; І.М.Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.В.Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.М.Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3x5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.П.Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.У.Дашчынскі, фрыстайл, 1998).

У.Г.Майсееў.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ВЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

віды спорту (спарт. гульняў) на каньках, лыжах і рознага тыпу санках, спаборніцтвы па якіх праводзяцца на лёдзе і снезе. Да З.в.с. належаць: біятлон, бобслей, буерны спорт, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, лыжны спорт, санны спорт, фігурнае катанне μα каньках, фрыстайл, хакей з мячом, хакей з шайбай.

Існуюць нац. З.в.с.: гонкі на аленевых і сабачых запрэжках, кёрлінг і інш. Вельмі пашыраны мотагонкі на лёдзе. Найб. развіццё З.в.с. атрымалі ў многіх краінах Еўропы, у т.л. на Беларусі, таксама ў Расіі, ЗША, Канадзе, Японіі і інш. Па З.в.с. праводзяцца сусв. і еўрап. чэмпіянаты, першынствы краін. З 1924 арганізуюцца зімовыя алімпійскія гульні.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,

адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т.л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).

З.Я.Мажэйка.

т. 7, с. 70

«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»

(«Waldwinter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.

У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.

У.С.Пасэ.

т. 7, с. 69

ЗІМО́ВЫ СОН,

біялагічнае прыстасаванне некат. млекакормячых (напр., бурага мядзведзя, барсука, бурундука, вавёркі, хамяка, янота) да перажывання неспрыяльных кармавых і кліматычных умоў жыцця ў зімовы перыяд. На перыяд З.с. жывёлы назапашваюць тлушч, забіраюцца ў норы ці інш. сховішчы, не кормяцца. У адрозненне ад зімовай спячкі характарызуецца меншым зніжэннем т-ры цела і працэсаў абмену рэчываў (напр., у бурага мядзведзя т-ра апускаецца да 29 °C, абмен рэчываў зніжаецца на 30—35%). Працягласць і глыбіня З.с. залежаць ад т-ры навакольнага асяроддзя, запасаў тлушчу і фізіял. стану жывёлы. У час З.с. жывёлы не трацяць чуткасці, аналізуюць гукі і пры небяспецы пакідаюць сховішчы.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,

спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ЎНІК,

памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З.наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.

Зімоўнік: 1 — фундамент; 2 — сцены; 3 — паддашкавае перакрыцце; 4 — вентыляцыйная труба; 5 — стэлажы для вуллёў; 6 — падпамоставыя вентыляцыйныя каналы.

т. 7, с. 70

ЗІМЯ́НІН (Міхаіл Васілевіч) (21.11.1914, г. Віцебск — 1.5.1995),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1939). У 1940—46 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў парт.-камсам. падполля і партыз. руху ў Беларусі. У 1947—53 сакратар, 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1953 у Мін-ве замежных спраў СССР, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у В’етнаме, Чэхаславакіі. З 1965 гал. рэдактар газ. «Правда», з 1966 старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР. У 1976—87 сакратар ЦК КПСС. Чл. ЦК у 1945—54, Бюро ЦК КПБ у 1947—53. Чл. ЦК КПСС у 1952—56, 1966—89. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1956—66. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—54, 1966—89, Вярх. Савета БССР у 1947—55.

Тв.:

Под знаменем ленинизма: Избр. статьи и речи. М., 1984.

М.В.Зімянін.

т. 7, с. 70