Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЖА́НСКІЯ

(сапр. Валжанкіны),

сям’я рус. артыстаў цырка, канатаходцы. Уладзімір Аляксандравіч (30.5.1917—1983). Кіраўнік нумара. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Маскоўскі тэхнікум цыркавога мастацтва (1933). Акрабат, эквілібрыст, канатаходзец, канструктар цыркавой апаратуры. Партнёры — члены яго сям’і і інш. артысты цырка. У 1977 Валжанскія стварылі атракцыён-спектакль «Праметэй», у якім сродкамі цыркавой выразнасці перадалі сюжэт антычнага міфа. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Літ.:

Ганина М. Канатоходцы Волжанские. М., 1969.

т. 3, с. 480

ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,

дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.

т. 3, с. 481

ВАЛІ́Н

(Вал, Val),

α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.

т. 3, с. 481

ВАЛІ́НСКІ Ежы

(1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),

танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац. т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 481

ВАЛІХА́НАЎ Чакан Чынгісавіч

(1835, урочышча Кушмурун Кустанайскай вобл., Казахстан — кастр. 1865),

казахскі асветнік-дэмакрат, гісторык, этнограф і фалькларыст. Чл. Рус. геагр. т-ва (1860). Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1853). Удзельнік навук. экспедыцый у Сярэднюю Азію, Казахстан і Зах. Кітай, аўтар даследаванняў па гісторыі і культуры народаў гэтых краін. У працах «Кіргізы» (так называлі тады казахаў; 1856—58, апубл. 1958), «Сляды шаманства ў кіргізаў», «Кіргізскае радаслоўе» (абедзве апубл. 1904) матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, культуры казахаў. Зрабіў мноства этнаграфічна дакладных жанравых, партрэтных і пейзажных замалёвак да сваіх навук. і пуцявых дзённікаў. Артыкулы «Паданні і легенды Вялікай Кіргіз-Кайсацкай арды», «Нарысы Джунгарыі» і інш. пра вусную нар. творчасць казахаў, асаблівасці імправізатарскага майстэрства акынаў, віды песень і рытміку казахскага верша. Упершыню запісаў і пераклаў на рус. мову частку кірг. нар. эпасу «Манас».

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. Алма-Ата, 1984—85.

Літ.:

Сегизбаев О.А. Исследователь, мыслитель. Алма-Ата, 1974;

Стрелкова М. Валиханов. 2 изд. М., 1990.

т. 3, с. 481

ВАЛІ́ЦКІ Аляксандр

(8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),

літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).

А.І.Мальдзіс.

т. 3, с. 481

ВАЛІ́ШЧА,

вёска ў Беларусі, у Пінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на Пн ад горада і чыг. ст. Пінск, 212 км ад Брэста, на аўтадарозе Пінск—Івацэвічы. 821 ж., 348 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 3, с. 481

ВАЛКАВА́ЛЬНІК тарфяны,

машына для збірання сухога фрэзернага торфу ў валкі перад складваннем яго ў штабель бункернай уборачнай машынай. Найб. пашыраны універсальныя прычапныя валкавальнікі маркі МТФ-ЗЗБ, выкарыстоўваюцца таксама скрэперы-валкавальнікі МТФ32 для валкавання і фрэзеравання торфу, ротарны шчотачны валкавальнік МТФ-37 і пнеўматычны ПВП-8. Рабочыя апараты валкавальніка МТФ-ЗЗБ складаюцца з рамы на колах і шарнірна падвешаных да яе 4 пар скрабкоў. Шыр. захопу 18—19 м, рабочая скорасць 10,7 км/гадз, прадукцыйнасць 11—12 га/гадз.

Б.А.Багатаў.

т. 3, с. 481

ВАЛКАВЫ́ЦКІ Георгій Фёдаравіч

(н. 13.3.1923, мяст. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. журналіст, публіцыст, паэт, мемуарыст. Скончыў Літ. ін-т у Маскве (1954). У 1956—87 рэдактар бел. штотыднёвіка «Ніва» (Беласток), дзе выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі (з 1961, пад псеўд. Юрка Зубрыцкі) і інш. З 1958 быў старшынёй літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», прычыніўся да выдавецкай справы «белавежцаў» (зб. «Рунь», 1959, «Мой родны кут», 1963, альманахі «Белавежа», 1965, 1971, 1980, 1988, бел. календары, кніжкі аўтараў). Аўтар кн. мемуараў «Віры» (1991, Беласток), у якой на багатым фактычным матэрыяле раскрывае жыццё бел. дыяспары ў Польшчы, работу Бел. грамадска-культ. т-ва, праблемы грамадскай, выдавецкай і журналісцкай работы.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 481

ВАЛКАГО́НАЎ Дзмітрый Антонавіч

(21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481