ВАЛІ́ЦКІ Аляксандр

(8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),

літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).

А.І.Мальдзіс.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)