ВАЛІ́Н

(Вал, Val),

α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)