Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАЛГАДО́НСК,

горад у Расійскай Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Засн. ў 1950. 190 тыс. ж. (1994). Порт на Цымлянскім вадасх. Чыг. станцыя. Машынабудаванне (энергет. абсталяванне, радыёапаратура), хім. (мыйныя сродкі і інш.), харч. (малочная, мясная, кансервавая) прам-сць. Краязнаўчы музей.

т. 3, с. 477

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Валдай,

на ПнЗ Рускай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Водападзел вярхоўяў Волгі, Зах. Дзвіны і інш. Даўж. больш за 600 км, выш. да 343 м. Складаецца з марэнных градаў і ўзгоркаў (Ціхвінская града, Вепсаўскае узв.), якія ўзніклі на выступе карэнных парод (каменнавугальныя вапнякі, мергелі, гліны). Шмат азёр, у т. л. Селігер, Валдайскае, Верхняволжскія і інш. Моцна забалочанае. Хваёвыя лясы чаргуюцца з апрацаванымі палямі. Па паўд.-ўсх. ускраіне Валдайскага ўзвышша праходзіць мяжа валдайскага зледзянення.

т. 3, с. 478

ВАЛЕВАЧЫ́,

вёска ў Беларусі, у Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Чэрвень, 42 км ад Мінска, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 572 ж., 197 двароў (1995). Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 478

Валевач Зыгмунд Антонавіч

т. 18, кн. 1, с. 359

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́ЙКА (Вера Фамінічна) (11.9.1907, в. Бераставічаны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.11.1984),

удзельніца рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 чл. Бераставіцкага райкома, з 1931 інструктар Беластоцкага акр. к-та, з 1932 — ваен. аддзела ЦК КПЗБ. У 1936—38 чл. Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. Няраз была арыштавана польск. ўладамі і зняволена ў турму. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР у вер.снеж. 1939 старшыня Часовага выканкома на радзіме. У 1940—57 на сав., парт. і гасп. рабоце ў Пінску. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 478

ВА́ЛЕНРОД (Wallenrod; сапр. Валенродэ; Wallenrode) Конрад фон

(?, Франконія — 20.8.1393),

вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1391). Спрытны дыпламат. Будучы вял. маршалкам ордэна, заключыў у 1382 з польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам на р. Дубіса (Літва) перамір’е, паводле якога ордэн атрымаў зах. частку Жамойціі. З 1388 вял. комтур, з 1391 вял. магістр, імкнуўся процідзейнічаць саюзу Польшчы і ВКЛ. Падтрымліваючы вял. князя літ. Вітаўта супраць Ягайлы, арганізаваў узбр. паходы на землі ВКЛ. Герой аднайм. паэмы А.​Міцкевіча.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́НСА ((Wałęsa) Лех) (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

Л.Валенса.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),

Краіна Валенсія, аўтаномная вобласць на У Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Пл. 23,3 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990). Уключае правінцыі Алікантэ, Валенсія, Кастэльён-дэ-ла-Плана. Адм. ц.г. Валенсія. Уздоўж берага мора — вузкая паласа алювіяльнай нізіны, акаймаваная на З адгор’ямі Андалускіх і Іберыйскіх гор выш. да 1300—1800 м.

Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 500 мм за год, пераважна зімой. Рэкі Хукар, Турыя, Сегура. Расліннасць тыпу маквіс і гарыга. Найб. развіты тэкст. і харч. (вытв-сць віна, пладовых кансерваў) прам-сць. Чорная металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне, маторабудаванне, авіяц. прам-сць, прадпрыемствы алюм. і нафтаперапр. прам-сці. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — таварнае экспартнае пладаводства (апельсіны, мандарыны, лімоны), агародніцтва. Вырошчваюць рыс, міндаль, вінаград. Шаўкаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. На ўзбярэжжы — зона міжнар. адпачынку і турызму.

З 2 ст. да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, з 5 ст. — каралеўства вестготаў, у 8—11 ст.Кардоўскага халіфата. З-пад улады арабаў на кароткі тэрмін вызвалена ў 1094 войскамі Сіда Кампеадора, канчаткова — у 1238, стала каралеўствам. У 1319 далучана да каралеўства Арагон. Пасля аб’яднання ў 1479 Арагона і Кастыліі ў адзіную дзяржаву Іспанію — правінцыя.

т. 3, с. 478