Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для ачысткі, сартавання і калібравання зерня (насення) розных культур. Бываюць папярэдняй ачысткі (падрыхтоўваюць зерне да сушкі, сартавання або часовага захоўвання), першаснай ачысткі (даводзяць да нарыхтоўчых кандыцый), другаснай ачысткі (да пасяўных кандыцый) і спец. ачысткі (напр., ад цяжкааддзельных дамешкаў); стацыянарныя, перасоўныя і самаперасоўныя: простыя (раздзяляюць зерневую сумесь па адной адзнацы) і складаныя (па некалькіх адзнаках). Працуюць самастойна або ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.

З.м. маюць рабочыя органы: паветраныя сістэмы (раздзяляюць зерневую сумесь па аэрадынамічных уласцівасцях часціц), рашотныя (па таўшчыні і інш. уласцівасцях формы), трыерныя (па даўжыні), фрыкцыйныя (па трэнні слізгання і качэння), магнітныя (па шурпатасці паверхні, да якой прыліпае магн. парашок). Розная шчыльнасць часціц выкарыстоўваецца для раздзялення сумесі на пнеўматычных сартавальных сталах, пругкасць — на адбівальных сталах, колер — у фотаэлектронных рабочых органах. Пашыраны стацыянарныя і самаперасоўныя паветрана-рашотныя, паветрана-рашотна-трыерныя З.м., трыерныя блокі; насенне траў і лёну ачышчаюць ад шурпатага насення пустазелля эл.-магн. і магн. З.м. Прадукцыйнасць З.м. да 50 т/гадз.

В.П.Чабатароў.

Зернеачышчальныя машыны: а — ачышчальнік збожжа ОВП-20А (1 — рашотныя станы, 2, 4 — выгрузны і загрузачны транспарцёры, 3 — прыемная камера, 5 — вентылятар, 6 — інерцыйны пылааддзяляльная 7 — скрабалкавы сілкавальнік); б — насеннеачышчальная СМ-4 (1 — шнэкавы сілкавальнік, 2 — загрузачны транспарцёр; 3 — корпус з рашотамі, трыернымі цыліндрамі, вентылятарамі і інш.).

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕПАГРУ́ЗЧЫК,

машына бесперапыннага дзеяння для пагрузкі збожжа ў трансп. сродкі, фарміравання і пералапачвання бунтаў, загрузкі зернеачышчальных машын, зернесушылак і збожжасховішчаў. Мае 2 асн. рабочыя органы — сілкавальнік і транспарцёр. Паводле тыпу рабочых органаў падзяляюцца на скрабалкавыя, шнэкавыя і камбінаваныя. Бываюць самаперасоўныя і пераносныя. Прыводзяцца ў дзеянне ад электрарухавікоў. Найб. пашыраны З. самаперасоўныя скрабалкавыя прадукцыйнасцю да 100 т/гадз.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,

машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.

Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.

В.П.Чабатароў.

Зернесушылкі: 1 — шахтавая стацыянарная; 2 — барабанная перасоўная.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЯЦЁРКА,

старажытнае прыстасаванне для расцірання зерня на муку або атрымання круп. Складалася з масіўнага ніжняга плоскага каменя-валуна, на рабочай паверхні якога рабілася паглыбленне, куды насыпалі зерне для апрацоўкі, і меншага верхняга каменя-цёрачніка. На тэр. Беларусі З. з’явілася ў эпоху неаліту. Найб. пашырэнне мелі ў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.).

т. 7, с. 63

ЗЕРФЮ́С (Zehrfuss) Бернар

(н. 20.10.1911, г. Анжэ, Францыя),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплывы А.Перэ і Ш.Э.Ле Карбюзье. Адзін з прадаўжальнікаў функцыяналізму 1920—30-х г. Пабудовы З.: у Парыжы — будынак ЮНЕСКА (1953—57), Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, абодва ў сааўт.); з-ды «Рэно» (1953, Флен, Іль-дэ-Франс); шматлікія грамадскія і жылыя збудаванні ў Парыжы, Гаўры, Туры, Тунісе і Алжыры.

т. 7, с. 63

ЗЕЎ,

адтуліна, якая ў млекакормячых і чалавека аб’ядноўвае поласць рота з глоткай. Абмяжоўваецца зверху мяккім паднябеннем, знізу — спінкай языка і па баках паднябеннымі дужкамі, сярод якіх размешчаны міндаліны.

т. 7, с. 63

ЗЕ́ЎКСІС

(Zeuxis),

старажытнагрэчаскі жывапісец канца 5 — пач. 4 ст. да н.э. Імкнучыся да ілюзорнасці выяўлення, адным з першых выкарыстаў у карцінах (вядомы па ант. літ. крыніцах і рым. копіях) святлаценявую мадэліроўку («Алена», «Немаўля Геракл душыць змей», «Сям’я кентаўраў»).

т. 7, с. 63

ЗЕЎС,

у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т.л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.

Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 7, с. 63

ЗЕФІ́Р,

у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.

т. 7, с. 64