Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,

ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр. ч. Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс. км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.

т. 14, с. 58

САВЕ́ЦКАЯ А́РМІЯ,

афіцыйная назва ў 1946—91 Узброеных сіл СССР (акрамя ВМФ, Пагран. і Унутр. войск, якія ў склад Савецкай Арміі не ўваходзілі). Да лют. 1946 называлася «Чырвоная Армія».

т. 14, с. 64

«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

назва кінастудыі «Беларусьфільм» у 1928—46.

т. 14, с. 64

«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

назва выдавецтва «Беларусь» да 1963.

т. 14, с. 64

«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел. рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВК БССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНК БССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.​Булат, З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), У.​Ігнатоўскі, М.​Кудзелька (М.​Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач, 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.​Бабарэкі, Я.​Бобрыка, П.​Броўкі, З.​Бядулі, А.​Вечара, А.​Вольнага, М.​Гарэцкага, У.​Дубоўкі, А.​Дудара, М.​Зарэцкага, Я.​Коласа, К.​Крапівы, А Куляшова, Я.​Купалы, М.​Лынькова, Я.​Пушчы, Л.​Родзевіча, П.​Труса, К.​Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.​Гартнага, М.​Чарота, М.​Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел. нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 64

«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

назва газеты «Советская Белоруссия» ў 1941—44.

т. 14, с. 64

САВЕ́ЦКАЯ ВО́ЎНАВАЯ ПАРО́ДА коз,

воўнавага кірунку. Выведзена ў 1947—62 у Сярэдняй Азіі і Казахстане скрыжаваннем мясц. грубашэрсных парод з казламі ангорскай пароды. Выкарыстоўваюць для паляпшэння воўнавай прадукцыйнасці мясц. грубашэрсных парод коз. Гадуюць у краінах Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Паўн. Каўказе.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маса казлоў 55—65, матак 38—40 кг. Воўна 46—56-й якасці, даўж. Да 20 см, ангорскага тыпу, паўтонкая, белая, з люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 3—4, з матак 1,6—2 кг. Выхад чыстай воўны 75—80%. Плоднасць 105—110 казлянят на 100 матак.

Савецкая воўнавая парода коз.

т. 14, с. 64

«САВЕ́ЦКАЯ КРАІ́НА»,

назва час. «Наш край» у 1930—33.

т. 14, с. 64

САВЕ́ЦКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДА коней,

выведзена ў сярэдзіне 20 ст. ў СССР скрыжаваннем мясц. запражных коней пераважна з бельгійскімі жарабцамі — брабансонамі. Зацверджана ў 1952. На Беларусі выкарыстоўвалася для паляпшэння беларускіх запражных коней і палескіх коней.

Жывёлы дужай канстытуцыі, масіўнага целаскладу, з развітой мускулатурай. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая і мускулістая, карак нізкі і шырокі, грудзі шырокія, крыж звіслы, падвоены. Асн. масці — рыжая, пярэста-рыжая, зрэдку гнядая, пярэста-гнядая. Сярэдняя маса жарабцоў 780 кг, выш. ў карку 160, косая даўж. цела да 170 см; кабылы драбнейшыя. Вызначаюцца скараспеласцю, даўгалеццем (гасп. выкарыстанне 17 гадоў), высокімі грузападымальнасцю, працаздольнасцю, высокімі паказчыкамі малочнай (да 5 тыс. кг малака за год) і мясной прадукцыйнасці.

Савецкая цяжкавозная парода коней.

т. 14, с. 65

САВЕ́ЦКАЯ ШЫНШЫ́ЛА,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1948—63 у СССР скрыжаваннем дробных трусоў пароды шыншыла з белым волатам. Пашырана ў СНД.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Тулава кампактнае, падоўжанае (60—70 см), абхват грудзей 37—42 см, сярэдняя маса 5 (да 7) кг. Валасяное покрыва шчыльнае, занальнае, серабрыста-шэра-блакітнае, на грудзях, спіне, баках, крыжы — больш цёмнае, на шыі, чэраве, унутр. баках ног — амаль белае. Характэрны светлая аблямоўка вакол вачэй і светла-шэры клін на патыліцы. Плоднасць 7—8 трусянят. Скараспелыя.

Савецкая шыншыла.

т. 14, с. 65