Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮ́ЛЬКА (Архіп Міхайлавіч) (23.3.1908, в. Саварка Багуслаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.6.1984),

расійскі канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1931). З 1939 у НДІ і КБ авіяц. прам-сці, з 1946 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Выказаў ідэю і абгрунтаваў магчымасць стварэння турбарэактыўных рухавікоў (ТРР) для скарасных самалётаў (1937). Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. ТРР і распрацаваны шэраг рухавікоў для баявых самалётаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 407

ЛЮМБА́ГА (ад лац. lumbus паясніца),

прастрэл, болевы сіндром (моцны боль, скарачэнне мышцаў, скрыўленне пазваночніка) у паяснічнай вобласці спіны ад раздражненняў нерв. канцоў у звязках пазваночніка. Узнікненню Л. садзейнічаюць траўмы, фіз. перанапружанне, інфекцыі і інш. Найчасцей бывае ў мужчын старэй за 30 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, пры рэцыдывах — курортнае.

т. 9, с. 407

ЛЮ́МЕН (лац. lumen святло),

адзінка светлавога патоку ў СІ. Абазначаецца лм. 1 лм роўны светлавому патоку, які ствараецца ў межах цялеснага (прасторавага) вугла ў 1 ср ізатропнай засяроджанай (кропкавай) крыніцай з сілай святла ў 1 кд. Гл. таксама Кандэла, Стэрадыян.

т. 9, с. 407

ЛЮМЕНО́МЕТР (ад лац. lumen святло + ...метр),

прылада для вымярэння светлавога патоку. З’яўляецца інтэгравальным фатометрам. Засн. на параўнанні светлавога патоку, які вымяраецца, з вядомым патокам. Градуіруецца ў люменах.

т. 9, с. 407

ЛЮМ’Е́Р ((Lumiére) Луі Жан) (5.10.1864, г. Безансон, Францыя —6.6.1948),

вынаходнік кінематографа; пачынальнік франц. кінавытворчасці і кінарэжысуры. Чл. Парыжскай АН (1919). Скончыў прамысл. школу. Быў фатографам. У 1895 пры ўдзеле брата Агюста стварыў кінаапарат для здымання і праекцый «фатаграфій, якія рухаюцца». Запатэнтаваны апарат атрымаў назву «кінематограф». Першы публічны сеанс адбыўся 25.12.1895 у Парыжы. Першыя кінапраграмы Л. дэманстравалі сцэнкі, знятыя з натуры: «Выхад рабочых з завода Люм’ер», «Снеданне дзіцяці» і інш. Фірма Л. выпусціла 1,5 тыс. фільмаў, час праекцыі якіх — 1—2 хвіліны (простыя рэпартажы, відавыя і ігравыя сцэнкі з простым дзеяннем на літ. і гіст. сюжэты). З 1898 Л. займаўся толькі вытв-сцю кінаапаратуры. Пазней працягваў доследы ў галіне аб’ёмнага і каляровага кіно. У Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Л. за дакумент. фільмы.

т. 9, с. 407

ЛЮМІНАФО́РЫ (ад лац. lumen святло + грэч. phoros які нясе),

рэчывы, здольныя свяціцца (люмінесцыраваць) пры паглынанні энергіі ўзбуджэння. Выкарыстоўваюць для пераўтварэння розных відаў энергіі ў светлавую (гл. Люмінесцэнцыя).

Паводле хім. прыроды падзяляюць на Л. неарган. (фасфоры) і арган. (арганафасфоры, люміноры). Большасць неарган. Л. мае крышт. структуру і адносіцца да крышталефасфораў. Свячэнне арган. Л. абумоўлена хім. будовай іх малекул. Л. з’яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (напр., антрацэн), многія гетэрацыклічныя злучэнні і іх вытворныя, а таксама комплексы металаў з арган. лігандамі. Арган. Л. выкарыстоўваюць у якасці актыўнага асяроддзя вадкасных лазераў, для аптычнага адбельвання і атрымання флуарэсцэнтных фарбаў, у люмінесцэнтнай дэфектаскапіі і аналіт. хіміі (гл. Люмінесцэнтны аналіз), а таксама ў малекулярнай біялогіі і медыцыне ў якасці метак ці зондаў.

т. 9, с. 407

ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНАЯ ЛЯ́МПА.

газаразрадная крыніца святла нізкага ціску, светлавы паток якой выклікаецца свячэннем люмінафораў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення эл. разраду.

Найб. пашыраны ртутныя Л.л., якія маюць дазіраваныя колькасці ртуці (выпараецца пры запальванні разраду) і інертнага газу (напр., аргону; спрыяе ўзбуджэнню атамаў ртуці). Робяцца ў выглядзе шкляной колбы, у тарцах якой герметычна ўманціраваны электроды. Пры падключэнні пераменнага току паміж электродамі ўзнікае эл. разрад, які ўзбуджае свячэнне атамаў ртуці. Л.л. адрозніваюцца высокай светлавой аддачай (да 85 мл/Вт), вял. тэрмінам службы (да 10​4 гадз). Магутнасць 4—200 Вт. Выкарыстоўваюцца для асвятлення грамадскіх і жылых памяшканняў, прамысл. прадпрыемстваў і інш. Разнавіднасць Л.л. — лямпа дзённага святла.

Схема і прынцып дзеяння люмінесцэнтнай лямпы: 1 — ультрафіялетавае выпрамяненне; 2 — атамы ртуці; 3 — электроны электрычнага разраду; 4 — электрод; 5 — слой люмінафора на паверхні колбы.

т. 9, с. 407

ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.

Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.

Літ.:

Люминесцентный анализ. М., 1961;

Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.

Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў.

т. 9, с. 407

ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),

выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца на працягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.

Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10​−8—10​−10 с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10​−10 да ~10​4 с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерзлі, У.Крукс, Ф.Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл. Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.

На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл. Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т.л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.

Літ.:

Вавилов С.И. Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;

Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.

Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў.

т. 9, с. 407

ЛЮ́МПЕН (ад ням. Lumpen лахманы),

дэкласаваны слой насельніцтва без пэўных заняткаў і сталай працы, які знаходзіцца на мяжы злачыннага свету (бадзягі, жабракі і інш.). Л. характарызуецца станам хранічнай галечы, адсутнасцю уласнай паліт. пазіцыі і арганізацыі, маральным заняпадам. Тэрмін уведзены К.Марксам (азначаў ніжэйшыя слаі пралетарыяту). «Люмпенізацыя грамадства» — распаўсюджанне псіхалогіі Л., павелічэнне іх долі ў насельніцтве ва ўмовах сац. крызісаў.

т. 9, с. 408