ЛЮМ’Е́Р ((Lumiére) Луі Жан) (5.10.1864, г. Безансон, Францыя —6.6.1948),

вынаходнік кінематографа; пачынальнік франц. кінавытворчасці і кінарэжысуры. Чл. Парыжскай АН (1919). Скончыў прамысл. школу. Быў фатографам. У 1895 пры ўдзеле брата Агюста стварыў кінаапарат для здымання і праекцый «фатаграфій, якія рухаюцца». Запатэнтаваны апарат атрымаў назву «кінематограф». Першы публічны сеанс адбыўся 25.12.1895 у Парыжы. Першыя кінапраграмы Л. дэманстравалі сцэнкі, знятыя з натуры: «Выхад рабочых з завода Люм’ер», «Снеданне дзіцяці» і інш. Фірма Л. выпусціла 1,5 тыс. фільмаў, час праекцыі якіх — 1—2 хвіліны (простыя рэпартажы, відавыя і ігравыя сцэнкі з простым дзеяннем на літ. і гіст. сюжэты). З 1898 Л. займаўся толькі вытв-сцю кінаапаратуры. Пазней працягваў доследы ў галіне аб’ёмнага і каляровага кіно. У Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Л. за дакумент. фільмы.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)