Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫРА́ФА (лац. Camelopardalis),

каляполюснае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 4,0 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Жырафа.

т. 6, с. 470

ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т.л. пра моватворчасць Я.Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.К.Германовіч.

т. 6, с. 470

Жыркевіч Аляксандр Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 386

ЖЫРМУ́НСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (11.6.1887, г. Бялінскі Пензенскай вобл., Расія — 9.5.1970),

бел. геолаг. Чл.-кар. АН БССР (1936), д-р геолага-мінералагічных н., праф. (1944). Скончыў Маск. ун-т (1913). З 1918 дацэнт Маск. горнай акадэміі. У 1927—41 у Геал. к-це ВСНГ, Мін-ве геалогіі СССР. У 1936—38 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, заг. кафедры геалогіі БДУ. У 1943—45 кіраўнік геал. групы, у 1946—49 навук. супрацоўнік Ін-та геал. навук АН БССР. У 1949—51 супрацоўнік НДІ у Ленінградзе. На тэр. Беларусі праводзіў даследаванні па гідрагеалогіі, чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі і тэктоніцы.

Тв.:

Принципы и методы составления карт четвертичных (антропозойских) отложений // Изв. АН БССР. Сер. геол. 1947. № 2;

Геологические особенности тектонических структур БССР. Ч. 1—2 // Там жа. 1948. № 5—6.

т. 6, с. 470

ЖЫРМУ́НСКІ (Віктар Максімавіч) (2.8.1891, С.-Пецярбург — 31.1.1971),

расійскі філолаг. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1919 праф. Ленінградскага ун-та. Чл.-кар. Германскай (Берлін, 1956), Брытанскай (1962), Дацкай (1967), Баварскай (1970) АН. Ганаровы д-р Оксфардскага, Кракаўскага, Берлінскага і Карлава (Прага) ун-таў. Асн. працы па пытаннях герм., агульнага і цюрк. мовазнаўства, дыялекталогіі, гісторыі зах. і рус. л-ры, тэорыі л-ры, паэтыкі, вершаскладання, фальклору і ўсходазнаўства: «Нямецкі рамантызм і сучасная містыка» (1914), «В.Брусаў і спадчына Пушкіна» (1922), «Рыфма, яе гісторыя і тэорыя» (1923), «Байран і Пушкін» (1924), «Уводзіны ў метрыку. Тэорыя верша» (1925), «Гётэ ў рускай літаратуры» (1937), «Народны гераічны эпас» (1962) і інш. Аўтар фундаментальнай працы «Нямецкая дыялекталогія» (1956), адзін з аўтараў «Параўнальнай граматыкі германскіх моў» (т. 1—4, 1962—66).

Тв.:

Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;

Тюркский героический эпос. Л., 1974;

Теория стиха. Л., 1975;

Общее и германское языкознание. Л., 1976;

Теория литературы. Поэтика. Стилистика. Л., 1977;

Байрон и Пушкин;

Пушкин и западные литературы. Л., 1978;

Сравнительное литературоведение: Восток и Запад. Л., 1979;

Из истории западноевропейских литератур. Л., 1981;

Гете в русской литературе. Л., 1982.

Літ.:

В.М.Жирмунский. М., 1965.

І.У.Саламет.

А.М.Жырмунскі.

т. 6, с. 470

ЖЫРМУ́НЫ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе ЛідаВільнюс (Літва). Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Кастрычнік». За 16 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 107 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Бастуны. 671 ж., 273 двары (1997).

Вядомы з пач. 15 ст. як родавы маёнтак Бутрымаў. У канцы 15 — пач. 20 ст. ўласнасць Мантоўтавічаў, Радзівілаў, Завішаў, Тышкевічаў, Шванебахаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У пач. 20 ст. — 323 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Радунскім р-не, з 1959 у Воранаўскім р-не. У 1971—587 ж., 198 двароў. Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (1789). Помнік сав. актывістам.

т. 6, с. 470

ЖЫРО́БУС, гіробус

[ад грэч. gyros круг + лац. (omni)bus для ўсіх],

бязрэйкавая машына, якая рухаецца за кошт кінетычнай энергіі, назапашанай у махавіку. Выкарыстоўваецца як дапаможны трансп. сродак для перавозкі пасажыраў (грузаў) на невял. адлегласці і абслугоўвання выбухованебяспечных аб’ектаў. Раскручваецца махавік эл. або пнеўматычным рухавіком на зарадных пунктах. Выкарыстоўваюцца таксама (з 1955) электражыробусы, аснашчаныя асінхронным рухавіком-генератарам, сучлененым з махавіком, і цягавымі электрарухавікамі. Доследныя ўзоры Ж. (ЗША) абслугоўваюць пасаж. трасы да 12 км.

т. 6, с. 470

ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант. маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

В.Ф.Шматаў.

Да арт. Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.

т. 6, с. 470

ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т.л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.

Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.

А.А.Ярашэвіч.

Свята Жыровіцкага абраза Маці Божай Пач. 1990-х г.

т. 6, с. 470

ЖЫРО́ВІЦКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1945 у в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Спецыяльнасці (1997/98 навуч. г.): механізацыя сельскай гаспадаркі; электрыфікацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 6, с. 471