Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЕМЛЯМЕ́РЫ,

сям. матылькоў, гл. Пядзенікі.

т. 7, с. 56

ЗЕМЛЯНА́Я ГРУ́ША,

кветкавая расліна, тое, што тапінамбур.

т. 7, с. 56

ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,

грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.

І.І.Леановіч.

Земляное палатно чыгункі: 1 — кавальер; 2 — кювет; З — паласа адводу; 4 — выемка; 5 — нагорная канава; 6 — забанкетная канава; 7 — банкет; 8 — насып; 9 — рэзерв.

т. 7, с. 56

ЗЕМЛЯНЫЯ АРЭ́ШКІ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Вятроўнік.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́Я БЛО́ХІ,

гл. Блошкі.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́Я РАБО́ТЫ,

работы, звязаныя з распрацоўкай (выманнем), перамяшчэннем і ўкладкай грунту ў пэўнае месца; від будаўнічых работ. Выконваюцца пры буд-ве плацін, дамбаў, дарог, пракладцы інж. сетак, планіроўцы тэрыторый, раскрыцці радовішчаў і інш. Бываюць адкрытыя (на паверхні зямлі), падземныя і падводныя.

З.р. выконваюцца мех., гідрамех. (гл. Гідрамеханізацыя), выбуховым і камбінаваным спосабамі. Пры мех. спосабе капанне і перамяшчэнне грунту робяцца землярыйнымі і землярыйна-трансп. машынамі (экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, грэйдэрамі, грэйдэрамі-элеватарамі, каналакапальнікамі, аўтапаяздамі, самазваламі і інш.); разраўноўванне і ўшчыльненне — планіроўшчыкамі, каткамі дарожнымі, трамбавальнымі машынамі і інш. Выбуховы спосаб эфектыўны пры распрацоўцы скальных, мёрзлых і інш. грунтоў павышанай трываласці. Метадам накіраванага выбуху часта забяспечваюць пасадку дарожнага насыпу на мінер. дно балота. Земляныя збудаванні, якія ствараюцца ў выніку З.р., бываюць у выглядзе выемак або насыпаў. Выемка, якая выкопваецца для здабычы грунту, наз. кар’ерам (часам рэзервам); насып, што ўтвараецца пры адсыпцы залішняга грунту, — адвалам. Да З.р. адносяць таксама падрыхтоўчыя і дапаможныя работы.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.І.Леановіч.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́Я ЧЭ́РВІ,

гл. Дажджавыя чэрві.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́ АРЭ́Х,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Арахіс.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́ ЗА́ЯЦ, тушканчык вялікі (Allactaga major),

млекакормячае сям. тушканчыкавых атр. грызуноў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Казахстане, Паўд. Сібіры. Жыве ў паўпустынях, лесастэпах, уздоўж дарог у норах.

Самы вял. тушканчык, даўж. цела 19—26 см, хваста да 30 см. Пыска выцягнутая, спераду пляскатая, вушы доўгія, заднія канечнасці пяціпальцыя, доўгія. На канцы хваста яркі і шырокі «сцяг» з чорнай асновай і белай вяршыняй. Верх цела буравата-шэры або пясчана-шэры, знізу белы Нараджае 1—4 дзіцянят. Корміцца насеннем, цыбулінамі і клубнямі розных раслін, зрэдку насякомымі. На зіму ўпадае ў спячку.

Земляны заяц.

т. 7, с. 57

ЗЕМЛЯНЫ́ МІНДА́ЛЬ,

кветкавая расліна, тое, што чуфа.

т. 7, с. 57