Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САТПА́ЕУ (Каныш Імантаевіч) (11.4.1899, аул Паўладарскай вобл., Казахстан — 31.1.1964),

казахскі геолаг. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1943). Акад. АН Казахстана (1946). Скончыў Томскі тэхнал. ін-т (1926). З 1926 у геал. разведачнай партыі трэста «Атбасаркалярмет», дзе займаўся разведкай і даследаваннем радовішчаў каляровых металаў, у т. л. Джэзказганскага меднага радовішча. З 1941 дырэктар Ін-та геал. навук Каз. філіяла АН СССР (з 1946 — АН Казахстана), адначасова з 1942 старшыня Прэзідыума Каз. філіяла АН СССР, у 1946—52 і з 1955 прэзідэнт АН Казахстана. Навук. працы па геалогіі рудных радовішчаў і мінер. рэсурсаў Казахстана. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1942. Яго імем названы мінерал сатпаевіт.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1967—70.

т. 14, с. 193

САТРА́П (грэч. satrapēs ад стараж.-перс. хшатрапаван — захавальнік вобласці),

намеснік сатрапіі, галава яе адміністрацыі. Меў вял. самастойнасць у справах кіравання сатрапіяй, камандаваў яе войскам, збіраў падаткі, чаканіў сярэбраныя і залатыя манеты. У пераносным сэнсе С. — жорсткі начальнік любой адм.-тэр. адзінкі, самадур.

т. 14, с. 193

САТРАПЕ́ЗНІЦТВА ў біялогіі,

адносіны арганізма з асяроддзем, тое, што каменсалізм.

т. 14, с. 193

САТРА́ПІЯ,

ваенна-адм. адзінка (правінцыя, якую ўзначальваў сатрап у персідскай Ахеменідаў дзяржаве). У канцы 6 ст. да н.э. Дарый I падзяліў дзяржаву на 20 сатрапій, потым іх колькасць і межы часта мяняліся. Кожная з С. плаціла вызначаную даніну і магла мець уласныя законы і афіц. мову (ці мовы). Як адм. адзінка С. захоўвалася ў дзяржавах Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Сасанідаў, Парфянскім царстве.

т. 14, с. 193

САТУ́РН,

адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.

т. 14, с. 193

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193

«САТУ́РН»

(Saturn),

серыя амер. ракет-носьбітаў (РН), створаных у 1964—67 па праграме «Апалон».

«С.-1» — эксперым. 2-ступеньчатая РН. «С.-1В» — 2-ступеньчатая РН, прызначаная для запуску на каляземную арбіту непілатуемых і пілатуемых касм. караблёў (КК) «Апалон». «С.-5» — 3-ступеньчатая РН для запуску пілатуемых КК «Апалон» на калямесяцавую арбіту, уключаючы высадку касманаўтаў на Месяц. Стартавая маса (разам з КК) да 2950 т. Даўжыня (з карысным грузам і сістэмай аварыйнага выратавання) 110,7 м, дыяметр (без стабілізатараў) 10,1 м. Макс. маса грузу, выведзенага на каляземную арбіту, 142,5 т. У 1967—73 здзейснена 13 пускаў «С.-5» (12 з КК «Апалон» і 1 з арбітальнай станцыяй «Скайлэб»), Запускаюцца з касмадрома на мысе Канаверал.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. «Сатурн». а — запуск 3-ступеньчатай ракеты-носьбіта «Сатурн-5»; 1 — момант старту, 1-я ступень уключаецца на поўную магутнасць; 2—1-я ступень выгарае і адпадае; 3—2-я ступень выгарае і адпадае; 4—3-я ступень выносіць карысны груз у касмічную прастору; б — агульны выгляд.

т. 14, с. 193

САТУРНА́ЛІІ (лац. Satumalia),

у Старажытным Рыме штогадовыя святы ў гонар бога Сатурна. Наладжваліся пасля збору ўраджаю ў час зімовага сонцастаяння. Суправаджаліся карнавалам, у час якога рабы «ўраўноўваліся» са сваімі гаспадарамі і нават абслугоўваліся імі, бедным грамадзянам раздаваліся грошы. Рытуал С., у т. л. звычай рабіць адзін аднаму падарункі, захаваўся ў калядах і абрадах хрысц. свята Божага нараджэння.

т. 14, с. 193

САТУРНІІ́ДЫ,

сямейства матылёў, гл. Паўлінавочкі.

т. 14, с. 194

СА́ТУ-МА́РЭ (Satu Mare),

горад на ПнЗ Румыніі, на р. Самеш. Адм. ц. аднайм. жудзеца. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для горназдабыўной і хім. прам-сці), хім., у т. л. лакафарбавая; мэблевая, тэкст., швейная, харчовая. Музей.

т. 14, с. 193