З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.
Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.А.Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.С.Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.С.Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел. нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш. ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.Карскі, А.Шахматаў, праф. М.Любаўскі, М.Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.
В.Г.Мазец.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ І ПА́РТЫЙ Адбыўся 21—23.7.1917 у Мінску. Скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам
(БНК) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Прысутнічала каля 50 дэлегатаў. Асн. пытанне — нацыянальнае. Большасць дэлегатаў выказалася за паліт. аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. З’езд паслаў прывітальную тэлеграму Цэнтр. укр. радзе. Сярод дэлегатаў намецілася размежаванне паміж прадстаўнікамі БСГ і Беларускай народнай партыі сацыялістаў па пытанні выбараў новага прадстаўнічага органа бел. арг-цый. У выніку выбараў прадстаўнікі БСГ атрымалі большасць. Замест БНК абраны Выканаўчы к-т Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый [У.Галубок, Я.Лёсік, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.),
А.Смоліч, У.Фальскі], да якой перайшло кіраўніцтва бел. нац. рухам. Дэлегаты выказалі пратэст супраць прэтэнзій Польскай дзярж. рады на бел. землі. Прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бел. бежанцам, стварэнні арг. бюро беларусаў-вайскоўцаў. З’езд пастанавіў стварыць фонд і паскорыць адкрыццё ў Беларусі ун-та і с.-г. ін-та; даручыў упаўнаважаным у Петраградзе хадайнічаць перад Мін-вам нар. асветы аб асігнаваннях на выданне бел. падручнікаў.
В.Г.Мазец.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т.л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.
Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.М.Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.
Літ.:
З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ.
Адбыўся 2—4.12.1917 у Мінску. Прысутнічала 560 дэлегатаў (⅔ — бальшавікі, ⅓ — левыя эсэры) ад Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. Парадак дня: бягучы момант; даклады з месцаў; пытанні: зямельнае, харчовае; арганізац. работа; выбары абл. Савета. З’езд прапанаваў усім Саветам садзейнічаць ажыццяўленню Дэкрэта аб зямлі, прызнаў уладу Саветаў i СНК, выбранага II Усерас. з’ездам Саветаў. Выбраны ім абл. Савет (35 чал.) 9.12.1917 увайшоў у склад Абл. выканаўчага к-та Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзаха).
т. 7, с. 51
ЗЕІ́Н
(ад лац. zea кукуруза),
бялок расліннага паходжання. Гл. ў арт. Праламіны.
т. 7, с. 51
ЗЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р Зея, у Амурскай вобл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1974—80. Пл. 2420 км2, аб’ём 68,4 км3, даўж. 225 км, найб. шыр. 24 км. Ажыццяўляе шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 26 м. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і барацьбы з навадненнямі. Суднаходства.
т. 7, с. 51
ЗЕ́ЙСКА-БУРЭІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна на Д. Усходзе, у міжрэччы рэк Зея і Бурэя, у Амурскай вобл. Расіі. Выш. 200—300 м. Складзена з рыхлых пясчана-гліністых адкладаў. У бас. р. Бурэя радовішчы вугалю (Бурэінскі вугальны басейн). Глебы лугавыя чарназёмападобныя, бура-таежныя і балотныя. Лясы на Пн мяшаныя (даурская лістоўніца, мангольскі дуб), на Пд дубовыя з амурскай ліпай сярод участкаў лугавых стэпаў («амурскія прэрыі»), б.ч. узараных. Асн. збожжавы раён Амурскай вобл. (пшаніца).
т. 7, с. 51