Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́НСУ (Алена Якаўлеўна) (н. 1.5.1914, С.-Пецярбург),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1945). Скончыла Ленінградскі ун-т (1940). З 1944 працавала ў Шадрынскім, з 1951 Мінскім пед. ін-тах, у 1980—85 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Аўтар навук. прац і метадычных дапаможнікаў: «Станаўленне метаду сацыялістычнага рэалізму ў творчасці Я.Купалы» (1962), «Пытанні тэорыі літаратуры» (1964, з М.А.Лазаруком), «Фальклорныя традыцыі ў дакастрычніцкай творчасці Я.Купалы» (1965), «Дакастрычніцкая творчасць Я.Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (1976), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1970, з Лазаруком), «Задума. Мастацкая ідэя і вобразны свет літаратурнага твора» (1980), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» (1983, з Лазаруком), «Вывучэнне рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай» (1988, з В.Івашыным, Лазаруком) і інш.

т. 9, с. 205

ЛЕ́НСУ (Міхаіл Якаўлевіч) (н. 31.7.1924, С.-Пецярбург),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1981), праф. (1982). Засл. работнік культуры Беларусі (1990). Скончыў Шадрынскі пед. ін-т (1950, Курганская вобл., Расія). З 1962 у мінскіх пед. і мед. ін-тах, Бел. ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1974 у Рэсп. ін-це вышэйшай школы БДУ (у 1980—90 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах рэлігіязнаўства (філасофія і сацыялогія рэлігіі), педагогіцы вышэйшай школы і методыцы выкладання сац.-гуманітарных дысцыплін.

Тв.:

Основы атеистического воспитания. Мн., 1976;

Методология и методика атеистического воспитания. Мн., 1985;

Студенчество и религия: Пробл. мировоззренческого выбора. Мн., 1999 (разам з К.С.Пракошынай, В.Р.Языковічам).

т. 9, с. 205

ЛЕНЦ (Аляксандр Карлавіч) (17.5.1882, Пецярбург — 16.6.1952),

бел. антраполаг і псіхіятр. Д-р мед. н., праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907) і Ваенна-мед. акадэмію (1913). З 1923 у БДУ; нам. дырэктара псіхіятрычнай клінікі і кабінета па вывучэнні злачыннасці. З 1926 старшыня антрапалаг. камісіі Інбелкульта (пазней кафедра антрапалогіі АН БССР). З 1930 заг. кафедры псіхіятрыі Мінскага мед. ін-та. З 1934 у Ленінградзе. Арганізатар першых экспедыцый па шырокім антрапалаг. вывучэнні беларусаў, займаўся псіхіятрыяй і крымінальнай псіхіятрыяй.

Тв.:

Высшая рефлекторная деятельность при прогрессивном параличе. Мн., 1928;

Матэрыялы да арганізацыі антрапалагічных даследаванняў на Беларусі // Зб. артыкулаў: Этнаграфія. Антрапалогія. Псіхалогія, псіхатэхніка і навук. арганізацыя працы. Гісторыя мастацтва. Мн., 1928;

Антропологічні досліди на Білорусі // Антропологія. Річник Кабінету Антроподогії, 1928. Київ, 1929.

т. 9, с. 205

ЛЕНЦ ((Lenz) Зігфрыд) (н. 17.3.1926, г. Элк, Польшча),

нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Ястрабы ў небе» (1951). Вядомасць прынёс раман «Урок нямецкай» (1968) пра антыфаш. Супраціўленне ў 2-ю сусв. вайну. У раманах «Хлеба і відовішчаў» (1959), «Жывы прыклад» (1973), «Краязнаўчы музей» (1978), «Страта» (1981), «На пляцы» (1985) узаемадачыненні асобы і гісторыі, маральныя паводзіны чалавека ў трагічных абставінах 2-й сусв. вайны, пошукі ідэальнага героя. Аўтар зб-каў апавяд. «Такой пяшчотнай была Зулейкен» (1955), «Парушальнік спакою» (1965), «Эйнштэйн перасякае Эльбу каля Гамбурга», «Пах мірабелі» (абодва 1975), філас. драмы-прытчы «Час бязвінных» (1961), радыёп’ес. Яго творам уласцівы сюжэтная разгалінаванасць, дакладнасць дэталі, ускладненасць сімволікі, уплыў філасофіі экзістэнцыялізму.

Тв.:

Рус. пер. — Урок немецкого. М., 1971;

Хлеба и зрелищ. М., 1975;

Живой пример. М., 1977;

Краеведческий музей. М., 1982;

Эйнштейн пересекает Эльбу близ Гамбурга. М., 1982;

Запах мирабели. М., 1985;

Учебный плац. М., 1989.

Літ.: Хотинская Г.А. Романы Зигфрида Ленца. Саратов, 1985.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 205

ЛЕНЦ Эміль Хрысціянавіч [24.2.1804, г. Дэрпт (цяпер Тарту), Эстонія — 10.2.1865], расійскі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це. З 1836 у Пецярбургскім ун-це (з 1863 рэктар). Навук. працы па электрычнасці і магнетызме. Устанавіў правіла вызначэння напрамку індукцыйнага току (гл. Ленца правіла), эксперыментальна абгрунтаваў Джоўля—Ленца закон (1842). Распрацаваў метады разліку электрамагнітаў (разам з Б.Якобі), адкрыў абарачальнасць эл. машын. У час кругасветнага падарожжа (1823—26) выканаў шэраг геафіз. даследаванняў. Адным з першых прапанаваў метад бараметрычнага нівеліравання. Аўтар падручніка па элементарнай фізіцы.

Тв.:

Избр. тр. М., 1950.

Літ.:

Лежнева О.А., Ржонсницкий Б.Н. Э.Х.Ленц. М.; Л., 1952.

Э.Х.Ленц.

т. 9, с. 205

ЛЕ́НЦА ПРА́ВІЛА, Ленца закон,

асноўнае правіла (закон), якое вызначае напрамак індукцыйнага току. Устаноўлена Э.Х.Ленцам у 1834 як удакладненне закону электрамагнітнай індукцыі.

Паводле Л.п. індукцыйны ток, які ўзнікае ў замкнёным контуры пры змене знешняга магн. патоку, мае такі напрамак, што створаны ім магн. паток праз плошчу, абмежаваную контурам, імкнецца кампенсаваць тую змену знешняга магн. патоку, якая выклікае індукцыйны ток. Л.п. з’яўляецца вынікам дзеяння закону захавання энергіі ў эл.-магн. з’явах.

т. 9, с. 205

ЛЕНЭ́Н, Ле Нэн (Le Nain),

французскія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Лан (Францыя).

Антуан Л. (1588? — 25.5.1648); Луі Л. (1593? — 23.5.1648); Мацьё Л. (1607? — 20.4.1677). З канца 1620-х г. мелі агульную майстэрню ў Парыжы, часта працавалі разам. У 1648 прыняты ў Каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры. У творах сял. жанру («Наведванне бабулі», «Шчаслівая сям’я», «Кузня»), інтэр’ерных («Стары музыкант», 1644) і пленэрных («Павозка», 1641; «Сяляне на фоне пейзажа») сцэнах вызначылі рэаліст. тэндэнцыі ў франц. жывапісе. Пад уплывам галандскага мастацтва пануючы афіц. парадны тып партрэта трансфармавалі ў больш камерны, блізкі да жанравых сцэн («Маркіз дэ Трэвіль», «Партрэт сталай жанчыны», абодва 1644; групавыя партрэты «Кардэгардыя», 1643; «Збор аматараў» і інш.). Некаторыя карціны блізкія да караваджызму («Гульцы ў карты», «Бойка», каля 1640). Падзел твораў паміж братамі праблематычны. Звычайна Антуану прыпісваюць карціны з дзецьмі і невял. групавыя партрэты («Сямейны партрэт», 1642), Луі — пераважна псіхал. сял. сцэны («Сялянская сям’я», «Сям’я малочніцы», 1640-я г.), Мацьё — элегантныя групавыя партрэты («Гульцы ў трык-трак», 1640-я г.). Сярод манум. твораў: паліпціх «Гісторыя Марыі» (1630—32) для капэлы Пці-Агюстэн у Парыжы, 4 алтарныя карціны для сабора Парыжскай Божай маці.

Літ.:

Каган М. Братья А, Л. и М. Ле Нэн: [Альбом]. М., 1972.

В.Я.Буйвал.

Л.Ленэн. Сям’я малочніцы. 1640-я г.

т. 9, с. 205

ЛЕО́Н (León),

феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.

т. 9, с. 206

ЛЕО́Н (León),

горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобл. Кастылія-Леон. Засн. як стараж.-рымскі ваенны лагер. У 10—13 ст. сталіца каралеўства Леон. 138 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: здабыча і апрацоўка бурага вугалю, маш.-буд., хім., фармацэўтычная, харч., тэкст., гарбарна-абутковая. Арх. помнікі 11—16 ст., у т.л. гатычны сабор 13—15 ст., сярэдневяковыя цэрквы, манастыры, жылыя дамы і інш.

т. 9, с. 206

ЛЕО́Н (León),

горад у Цэнтр. Мексіцы, на Пд Мексіканскага нагор’я, на выш. 1885 м, у штаце Гуанахуата. Засн. ў 1576. 872 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: харчовая (мукамольная, малочная, мясная), тэкст., металаапр., хім. (вытв-сць угнаенняў), цэлюлозна-папяровая, мэблевая, шкляная, буд. матэрыялаў. Гал. цэнтр гарбарна-абутковай прам-сці краіны. Гандл. цэнтр раёна інтэнсіўнай с.-г. вытв-сці. Арх. помнікі каланіяльнага перыяду.

т. 9, с. 206