ЛЕНЦ Эміль Хрысціянавіч [24.2.1804, г. Дэрпт (цяпер Тарту), Эстонія — 10.2.1865], расійскі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це. З 1836 у Пецярбургскім ун-це (з 1863 рэктар). Навук. працы па электрычнасці і магнетызме. Устанавіў правіла вызначэння напрамку індукцыйнага току (гл.Ленца правіла), эксперыментальна абгрунтаваў Джоўля—Ленца закон (1842). Распрацаваў метады разліку электрамагнітаў (разам з Б.Якобі), адкрыў абарачальнасць эл. машын. У час кругасветнага падарожжа (1823—26) выканаў шэраг геафіз. даследаванняў. Адным з першых прапанаваў метад бараметрычнага нівеліравання. Аўтар падручніка па элементарнай фізіцы.