Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр. Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.Мільеранам і Р.Вівіяні заснаваў Рэсп. сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.

В.В.Варановіч.

т. 7, с. 49

ЗЕ́ВІН (Якаў Давыдавіч) (1884, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 20.9.1918),

удзельнік рэв. руху. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Вёў рэв. работу ў Баку, Бахмуце, Крывым Рогу, Горлаўцы. З 1911 вучыўся ў школе РСДРП у Ланжумо (каля Парыжа). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскім Савеце. Са жн. 1917 у Баку. 3 крас. 1918 чл. Бакінскага ВРК, нарком працы Бакінскага СНК. Пасля часовага падзення сав. улады ў Баку (31.7.1918) арыштаваны і расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў.

т. 7, с. 49

ЗЕ́ЕБЕК ((Seebeck) Томас Іаган) (9.4.1770, Талін — 10.12.1831),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл. Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.

Літ.:

Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.

т. 7, с. 49

ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,

узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 7, с. 49

ЗЕ́ЕМАН ((Zeeman) Пітэр) (25.5.1865, Зонемайрэ, Нідэрланды — 9.10.1943),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1890). Працаваў у Лейдэнскім і Амстэрдамскім ун-тах (з 1900 праф.). Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы, атамнай спектраскапіі. Адкрыў з’яву расшчаплення спектральных ліній пад дзеяннем магн. поля (гл. Зеемана з’ява). Даследаваў падвойнае праменепераламленне ў эл. полі, распрацаваў метад вызначэння каэф. паглынання эл.-магн. хваль, вызначыў аптычныя пастаянныя шэрагу металаў. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з Х.А.Лорэнцам).

Літ.:

Льоцци М. История физики. М., 1970. С. 297—299.

П.Зееман.

т. 7, с. 50

ЗЕ́ЕМАНА З’Я́ВА,

расшчапленне ўзроўняў энергіі і спектральных ліній атамаў і інш. атамных сістэм у знешнім магн. полі. Выяўлена П.Зееманам (1896), тэорыю З.з. распрацаваў Х.А.Лорэнц.

Дзеянне знешняга магн. поля на квантавую сістэму (атам, малекулу, крышталь) вядзе да зняцця выраджэння яе ўзроўняў энергіі, у выніку чаго замест аднаго выраджанага ўзроўню ўзнікае некалькі нявыраджаных. Квантавыя пераходы на гэтыя ўзроўні суправаджаюцца выпрамяненнем і паглынаннем фатонаў з рознай энергіяй, што эксперыментальна выяўляецца як узнікненне замест адной некалькіх спектральных ліній. З.з. выкарыстоўваецца для даследавання будовы атамаў, вымярэння магн. поля пры дапамозе квантавых магнетометраў.

т. 7, с. 50

З’ЕЗДЫ ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917,

2 франтавыя з’езды, што адбыліся ў 1917 у Мінску; прысутнічалі дэлегаты ад вайсковых к-таў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. 1-ы з’езд адбыўся 20—30 красавіка. Удзельнічала 1200 дэлегатаў (850 з рашаючым і 350 з дарадчым голасам), 100 супрацоўнікаў аргкамітэта, каля 100 гасцей, у т.л. лідэры Дзярж. думы і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць дэлегатаў складалі эсэры і меншавікі. Старшынёй з’езда выбраны старшыня выканкома Мінскага Савета Б.П.Позерн. Пытанні: аб вайне і міры, аб Часовым урадзе і дэмакр. арг-цыях, аб прававым і матэрыяльным становішчы воінаў і іх сем’яў, аб забеспячэнні фронту. Працавала 7 секцый, у т.л. па арганізац., сялянскім і рабочым пытаннях. З’езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і яго палітыкі, выпрацаваў Палажэнне аб салдацкіх арг-цыях (праект падрыхтаваны выканкомам Мінскага Савета), абраў пастаянны выканаўчы орган — франтавы к-т з 75 чалавек. 2-і з’езд адбыўся 3—8 снежня. Прысутнічала 714 дэлегатаў (633 з рашаючым і 81 з дарадчым голасам), прадстаўнікі ЦК РСДРП(б) і Петраградскага ВРК. Старшыня — А.Ф.Мяснікоў. Пытанні: аб рабоце франтавога к-та, аб бягучым моманце, аб міры, аб дэмакратызацыі арміі. З’езд вітаў Савет Нар. Камісараў і выказаў яму поўны давер і падтрымку. Прынятая на з’ездзе рэзалюцыя аб дэмакратызацыі арміі адобрана ВРК пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага і 30.11.1917 перададзена ва ўсе часці і злучэнні як «Палажэнне аб дэмакратызацыі арміі». Паводле яго ў арміі ўводзіўся выбарны пачатак, адмяняліся ўсе афіцэрскія і інш. знакі адрознення, ураўноўваліся ў правах службы ўсе часці і роды войск. З’езд выбраў франтавы к-т у складзе 100 чал.

М.М.Смальянінаў.

т. 7, с. 51

З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.

Адбыліся ў кастр.снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел. нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш. навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах. ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.

В.А.Савіцкі.

т. 7, с. 51

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,

мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл. арт. пра кожны з’езд).

т. 7, с. 51