Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРА́ХМА,

1) адзінка масы ў сістэме англ. мер, складае ​1/6 унцыі і роўная 1,772 г. 2) Адзінка масы аптэкарскай вагі; аптэкарская Д. складала ​1/8 унцыі, або 3 скрупулы, рас. аптэкарская Д.=3,732 г, у англ. сістэме мер аптэкарская Д.=3,888 г. 3) Вадкасная Д. (ЗША) — мера і адзінка ўмяшчальнасці, роўная 3,6966 мл.

т. 6, с. 206

ДРА́ХМА (ад грэч. drachmē жменя, кісць),

1) старажытнагрэчаская вагавая і грашовая адзінка. Як манета пачала чаканіцца ў 6 ст. да н.э. Была пераважна сярэбранай, радзей залатой ці меднай, мела розную масу (атычная Д. 4,17 г; карынфская Д. 2,8 г). Чаканіліся манеты вартасцю 72, 1, 2 (дыдрахма), 3, 4 (тэтрадрахма), 5, 6, 8, 10 (дэкадрахма) і 12 Д.; раўнялася 6 аболам, 100 Д. складалі міну, 6 тыс. Д. — талант.

2) У сярэдневякоўі сярэбраная манета масай 2,7 г. Чаканілася ў сярэдзіне 13 ст. ў лац. дзяржавах Б. Усходу.

3) Сучасная грашовая адзінка Грэцыі (з 1833).

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 206

ДРАЦЭ́НА (Dracaena),

род кветкавых раслін сям. драцэнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Растуць на горных схілах, у прыбярэжных вільготных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Д. пахучую (D. fragrans), стракаталістую, дзярэмскую (D. deremensis), зеленалістую Гукера (D. hookeriana).

Шматгадовазялёныя дрэва- і кустападобныя расліны. Лісце сядзячае, падоўжана-ланцэтападобнае, скурыстае, цвёрдае, зялёнае, шэра-зялёнае або стракатае. Кветкі правільныя, двухполыя, звычайна белыя, крэмаватыя, жаўтаватыя або ружовыя, пахучыя, сабраны на верхавінках у мяцёлкі або пучкі. Плод — ягада. Цвітуць рэдка. Размнажаюць насеннем, верхавінкавымі або сцябловымі чаранкамі. Тэхн. (лаканосныя, фарбавальныя, валакністыя), лек. і дэкар. расліны. Некаторыя дрэвападобныя віды Д., у якіх з надрэзаў кары выцякае хрывава-чырв. смаляністы сок, наз. драконавым дрэвам.

Г.У.Вынаеў.

Драцэна дзярэмская.

т. 6, с. 206

ДРАЦЯ́НІКІ, драцяныя чэрві,

лічынкі жукоў сям. шчаўкуноў; шкоднікі многіх с.-г. і дзікарослых раслін. На Беларусі найб. пашыраны лічынкі шчаўкуноў цёмнага, пасяўнога, паласатага, бліскучага, вярбовага. Шкодзяць цукр. буракам, бульбе, кукурузе, пшаніцы, жыту, агароднінным культурам, маладым хвойнікам і ельнікам, саджанцам пладовых дрэў.

Цела Д. даўж. 15—45 мм, тонкае, цыліндрычнае (радзей плоскае), падобнае на кавалачкі дроту (адсюль назва); складаецца з 13 сегментаў, укрытых шчыльным хіцінам; напачатку белае, потым жаўтаватае, бурае, карычневае. Жывуць у глебе, часцей на глыб. 10—12 см, развіваюцца 3—5 гадоў. Кормяцца насеннем у глебе, падземнымі часткамі раслін, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі, некаторыя з’яўляюцца драпежнікамі.

Да арт. Драцянікі. Жук і лічынкі паласатага шчаўкуна.

т. 6, с. 206

ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.

Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.

Драч.

т. 6, с. 206

ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.Барадуліна, А.Бачылы, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Звонака, М.Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.Вярцінскі, Гілевіч, А.Грачанікаў, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1986;

Бел. пер. — Мелодыя каліны. Мн., 1981.

Літ.:

Ткаченко АО. Іван Драч. Київ. 1988.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 206

ДРА́ЧКАВА,

вёска ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Вожа, на аўтадарозе Смалявічы—Смілавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пд ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 40 км ад Мінска. 924 ж., 317 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (19 ст.).

т. 6, с. 206

ДРАЧО́Ў (Пётр Мікалаевіч) (н. 6.7.1937, С.-Пецярбург),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). У 1964—86 маст. рэдактар час. «Бярозка», з 1992 у «Беларускім гістарычным часопісе». Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Сярод твораў: серыя акварэлей «Помнікі архітэктуры Беларусі» (1970—82), «Бярэзінскі запаведнік» (1975—79), літаграфіі «Кірмаш канца XIX — пач. XX ст.» (1972), «Дзяды» паводле паэмы А.Міцкевіча (1973), «Паўстанне 1863 г.» (1978), «Спынім забойствы...» да 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), серыя «Асветнікі» (1989), ілюстрацыі да кніг У.Дубоўкі, П.Броўкі, У.Караткевіча, І.Новікава; дыярамы «На старажытным гарадзішчы», «Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце», «Знахаркі» і інш. для Музея гісторыі медыцыны Беларусі; «Гандаль у Полацку», «Падводны свет нашых азёр», «Паселішча на Сенніцы», «Крэменездабыўныя шахты ў Красным», «Францыск Скарына ў друкарні» і панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700—21 гг.» для Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, «Мінск у 1890 г.» для Музея М.Багдановіча (1992—93, усе ў Мінску).

П.Драчоў. Кірыла Тураўскі. З серыі «Асветнікі». 1989.

т. 6, с. 206

ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж. ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.

Тв.:

Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;

Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.

т. 6, с. 207