Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эфе́дра, ‑ы, ж.

Вечназялёны куст, расліна сямейства эфедравых, якая ўтрымлівае алкалоіды (эфедрын і пад.).

[Грэч. ephedra.]

эфедры́н, ‑у, м.

Спец. Алкалоід, які знаходзіцца ў эфедры (прымяняецца ў медыцыне пры бранхіяльнай астме, паніжэнні крывянога ціску і пад.).

[Ад грэч. ephedra.]

эфе́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Моцнае ўражанне, зробленае кім‑, чым‑н. на каго‑н. Апошнія словы Фёдараў сказаў знарок гучна, задаволена пазіраючы, які яны зрабілі эфект на правадніцу і пасажыраў. Даніленка. [Міхась] быў здаволены тым эфектам, які зрабілі яго словы, сказаныя не каму-небудзь, а роднаму брату. Сіўцоў. Кожны яе [Стэфкі] рух, .. кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля. // Прыём, мэта якога стварыць уражанне. Тут спакушэнне эфектам узяло верх і збіла аўтараў з больш цікавага і правільнага шляху. У выніку ў п’есе праца дзяўчат і гераічныя воінскія подзвігі байцоў існуюць самі па сабе, а іх каханне — само па сабе. «Беларусь».

2. звычайна мн. (эфе́кты, ‑аў). Сродак, прыстасаванне, прыём, пры дапамозе якіх ствараецца пэўнае ўражанне, ілюзія чаго‑н. Светлавыя эфекты. Шумавыя эфекты ў тэатры.

3. Вынік якіх‑н. дзеянняў, дзейнасці. Вытворчы эфект. Эканамічны эфект. Эфект лячэння. □ [Багуцкі:] — Справа ў тым, што кожны чалавек любіць працаваць у .. спрыяючых умовах. Тады і праца яго дае большы эфект. Лынькоў. [Смірын:] — Мне здаецца, што самы лепшы выхаваўчы эфект дае палёт у складаных умовах. Алешка. — Не, я не пра тое, — пераступіў з нагі на нагу Сяргей. — Трэба квадраты рабіць, большы ж эфект будзе. Кухараў.

4. Спец. Фізічная з’ява. Фотаэлектрычны эфект.

•••

З эфектам — вельмі выразна. [Вейс] рабіў гэта інакш: вымаў з кішэні цыгарэту, падаваў яе, як падаюць малому цукерку, і з эфектам гаварыў. Ракітны.

[Ад лац. effectus — дзеянне.]

эфе́ктнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць эфектнага. Дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей, што Мартын Рыль мог і не быць. Колас.

эфе́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які стварае ўражанне, эфект (у 1 знач.), прыцягвае ўвагу. Паказаўшы.. [гасцям] збожжа, Марыя Захараўна запрасіла паглядзець на яе ўласныя дасягненні. — Яны не такія эфектныя, дзівосныя. Дубоўка. // Разлічаны на тое, каб стварыць эфект. Эфектны жэст. □ Дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай скуры. Дзед Талаш любіў эфектныя сцэны. Колас.

эфекты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць эфектыўнага. Прадукцыйнасць грамадскай працы — важнейшы паказчык эфектыўнасці вытворчасці. □ Трэба больш думаць, клапаціцца пра эфектыўнасць тэхнікі, адчуваць сваю ўласную адказнасць за гэта. Кулакоўскі.

эфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзяць да патрэбных вынікаў; дзейсны. Пракурор безумоўна свядома хлусіў, бо галадоўка палітвязняў была адным з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з адміністрацыйным самавольствам і здзекам. Машара. // Спец. Прызначаны для непасрэднага выканання карыснай работы; прадукцыйны. Эфектыўная магутнасць. Эфектыўнае значэнне пераменнага току. // Які дае найбольшы эфект (у 3 знач.); найбольш дасканалы. [Шарахоўскі:] — Гэта — самыя магутныя машыны ў Еўропе, самыя эфектыўныя ва ўсім свеце. Шынклер.

эфеме́р, ‑у, м.

Аднагадовая расліна сухіх мясцовасцей з вельмі кароткім вегетацыйным перыядам.

[Ад грэч. ephēmeros — аднадзённы, які хутка праходзіць.]

эфеме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан эфемернага.

эфеме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Кароткачасовы, недаўгавечны. Але гэты новы струмень у развіцці беларускай лексікі быў эфемерным. Гіст. лекс. бел. мовы. Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб’ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. У. Калеснік. // Ненадзейны, нетрывалы. І нейкая эфемерная блізкасць нарадзілася між ім [Севярынам] і гэтай невядомай істотай. Караткевіч. // Уяўны, нерэальны. Эфемерныя мары. □ Я думаў, што гэта эфемернае прадпрыемства, якое разлічана на лёгкую і хуткую нажыву ўладальніка. «Полымя».

2. Спец. Які мае адносіны да эфемераў. Эфемерная расліннасць.