эфект, ‑у, М ‑кце, м.

1. Моцнае ўражанне, зробленае кім‑, чым‑н. на каго‑н. Апошнія словы Фёдараў сказаў знарок гучна, задаволена пазіраючы, які яны зрабілі эфект на правадніцу і пасажыраў. Даніленка. [Міхась] быў здаволены тым эфектам, які зрабілі яго словы, сказаныя не каму-небудзь, а роднаму брату. Сіўцоў. Кожны яе [Стэфкі] рух, .. кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля. // Прыём, мэта якога стварыць уражанне. Тут спакушэнне эфектам узяло верх і збіла аўтараў з больш цікавага і правільнага шляху. У выніку ў п’есе праца дзяўчат і гераічныя воінскія подзвігі байцоў існуюць самі па сабе, а іх каханне — само па сабе. «Беларусь».

2. звычайна мн. (эфекты, ‑аў). Сродак, прыстасаванне, прыём, пры дапамозе якіх ствараецца пэўнае ўражанне, ілюзія чаго‑н. Светлавыя эфекты. Шумавыя эфекты ў тэатры.

3. Вынік якіх‑н. дзеянняў, дзейнасці. Вытворчы эфект. Эканамічны эфект. Эфект лячэння. ▪ [Багуцкі:] — Справа ў тым, што кожны чалавек любіць працаваць у .. спрыяючых умовах. Тады і праца яго дае большы эфект. Лынькоў. [Смірын:] — Мне здаецца, што самы лепшы выхаваўчы эфект дае палёт у складаных умовах. Алешка. — Не, я не пра тое, — пераступіў з нагі на нагу Сяргей. — Трэба квадраты рабіць, большы ж эфект будзе. Кухараў.

4. Спец. Фізічная з’ява. Фотаэлектрычны эфект.

•••

З эфектам — вельмі выразна. [Вейс] рабіў гэта інакш: вымаў з кішэні цыгарэту, падаваў яе, як падаюць малому цукерку, і з эфектам гаварыў. Ракітны.

[Ад лац. effectus — дзеянне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)