эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.
[Фр. estacade.]
эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.
[Фр. estacade.]
эстака́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эстакады 1, зроблены, пабудаваны з дапамогай эстакад. Эстакадны праезд.
эста́мп, ‑а, м.
Адбітак якога‑н. відарыса на паперы, тканіне, пергаменце і пад., зробленага самім мастаком або майстрам-гравёрам. [Зося] хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах.. і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках. Шамякін.
[Фр. estampe ад іт. stampa — друк, адбітак.]
эста́мпны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эстампа, прызначаны для эстампа.
эстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.
1. Даўней — тэрміновая пошта, данясенне, адпраўленыя конным пасланцом. Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка, так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва. Шамякін. // Пісьмо, данясенне і пад., якія дастаўляліся такой поштай. — О, сапраўды важная справа! — усклікнуў Валерый, прачытаўшы першыя радкі эстафеты. Якімовіч.
2. Спаборніцтва каманд на скорасць (па бегу, плаванню і пад.), калі на пэўнай частцы дыстанцыі бегуна або плыўца змяняе яго таварыш, беручы ад свайго папярэдніка ўмоўлены прадмет. // Спецыяльны прадмет, які перадаецца пры такіх спаборніцтвах. / у перан. ужыв. Пяцьдзесят гадоў нясе савецкая моладзь, наш Ленінскі камсамол эстафету працоўнай і ратнай доблесці і славы, перадаючы яе ад пакалення да пакалення. Машэраў. У небе лятаюць сокаламі Сягоння мае равеснікі. Эстафету бацькоў высока У светлую даль панеслі. Маркевіч.
•••
Прыняць эстафету гл. прыняць.
[Фр. estafette ад іт. staffa — стрэмя.]
эстафе́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эстафеты, з’яўляецца эстафетай. Як эстафетную палачку, круглы год перадавалі.. [Юзіка] аднавяскоўцы з хаты ў хату. Хадановіч.
эсто́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эстонцаў, які належыць, уласцівы ім. Эстонская мова.
эсто́нцы, ‑аў; адз. эстонец, ‑нца, м.; эстонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. эстонкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Эстонскай ССР.