Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Тое, што і чвякаць (у 2 знач.). Памякчэла надвор’е, растаў снег, цвякала гразь. Гурскі.

2. Ляскаць жалезным прадметам. Цвякаць замком партфеля. □ А дзяўчына.., што была партнёршай у Ралана, цвякаючы канькамі па падлозе, затанцавала: — Згодны, згодны, згодны!.. Грамовіч.

цвя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цвякаць.

цвялі́цца, цвялюся, цвелішся, цвеліцца; незак.

Дражніцца, жартаваць. «А можа гэта.. [Зоська] цвеліцца з маладым хлопцам».., — думаў часамі Галляш. Чорны. — Ого, якая ты скорая! Ужо і дайце ёй! Паскачы раней, а [тады] я табе дам, — цвяліўся той. Крапіва.

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

цвярдзе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цвёрды.

цвярдзе́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. цвярдзець. Цвярдзенне бетону.

цвярдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цвёрдым, больш цвёрдым (у 2–7 знач.). З поўначы цягнула сухім холадам, зямля прыкметна пачала цвярдзець. Хомчанка.

2. перан. Станавіцца непахісным, мужным, вынослівым. Мы помнім, як трубы трубілі трывогу, як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень. Броўка. Звычайна пасіўная, нават кволая, .. [маці] непахісна цвярдзела, калі што датычылася дзяцей або яе асабіста. Карпаў.

цвярды́ня, ‑і, ж.

Крэпасць, умацаваныя пазіцыі. Брэсцкая цвярдыня. □ Гэта новая ў гісторыі войнаў перамога ля сцен волжскай цвярдыні, перамога савецкага чалавека над змрочнымі сіламі фашызму. «Полымя». Закончан слаўны наш паход. Цвярдыні ворага — у руінах. Таўлай. // перан. Апора. Тут генія грабніца. Два салдаты Стаяць заўжды на доблесным пасту. За імі Крэмль — людскіх надзей вястун, Цвярдыня міру, вораг войнаў клятых. Звонак.

цвяро́засць, ‑і, ж.

1. Устрыманне ад ужывання спіртных напіткаў.

2. Уласцівасць і стан цвярозага (у 2 знач.). У характары Апейкі былі дзве рысы — вельмі розныя, несуладныя: нейкая вялікая чуласць, схільнасць да элегічных адчуванняў і нязменная цвярозасць, практычнасць. Мележ.

цвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўжываў спіртнога; не п’яны. Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п’яных, і я паспешліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Карпюк. / у знач. наз. цвяро́зы, ‑ага, м.; цвяро́зая, ‑ай, ж. Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак, — яны былі толькі вясёлыя, — і Саханюка, які гарэлкі не піў. Колас. // Уласцівы такому чалавеку. — У п’яным выглядзе чалавек робіць тое, чаго ў цвярозым стане ніколі б сабе не дазволіў. Прокша.

2. перан. Разважлівы, сур’ёзны, якому не характэрны летуценнасць, фантазёрства. [Пятро Сцяпанавіч:] — Вы думаеце, хто яны, самыя цвярозыя рэалісты? Рамантыкі, у якіх выраслі зубы жыццёвай мудрасці. Палтаран. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі. Лынькоў.