цвы́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цвыркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Павольна плывуць над лугам белыя маленькія парасончыкі, з кароткім цвырканнем мільгаюць ластаўкі. Савіцкі.
цвы́ркаць, ‑ае; незак.
1. Утвараць рэзкія адрывістыя гукі (пра цвыркуноў, конікаў і некаторых птушак). На розныя галасы недзе ў лістоце цвыркаюць птушкі. Скрыган. У жыце цвыркалі конікі. Новікаў. // Утвараць падобныя гукі (пра інструменты). Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара. // Імгненна прапускаць сліну праз зубы. Чакаючы, сядзеў [Пятрок] увесь час на лавачцы, курыў крадком з рукава ды цвыркаў слінай цераз зубы. Паўлаў.
2. Ліцца струменьчыкамі. Пад гарачымі промнямі сонца снег хутка раставаў, і ў нас пад нагамі хлюпала і цвыркала тонкімі струменьчыкамі вада. Рунец.
цвырку́н, ‑а, м.
Насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат. У сенцах заходзіўся цвыркун, няйначай на добрую пагоду. Лынькоў.