Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хаце́нне, ‑я, н.

Жаданне. [Шэмет:] Смешны ты, Мацвей. Па-рознаму можна хацець. Калі я хачу, то я, не адкладваючы надоўга, пачынаю гэта рабіць. А тваё хаценне і астанецца хаценнем, бо ты не робіш тое, што ты хочаш. Лобан. // Страсная пачуццёвая цяга. У яго нутры забурліла хаценне, але хмурная міна Зосі атручвала яго сэрца, і ён моцна злаваў. Гартны. На ўсякае хаценне ёсць цярпенне. Прыказка.

хаце́цца, хочацца; безас. незак., чаго, з інф. і са злучн. «каб».

Адчуваць патрэбу ў чым‑н., вельмі жадаць чаго‑н. Мне хацелася смяяцца І спяваць, і бегчы ўдалеч... Панчанка. Бацька дастаў торбачку з хлебам і салам. Адкроіў мне добрую лусту хлеба. Адрэзаў ладны кавалак сала. Усё гэта я ўмалоў, і яшчэ мне хацелася. Сабаленка.

•••

І хочацца і колецца — пра адначасовае адчуванне жадання і нерашучасці зрабіць што‑н.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

хаце́ць, хачу, хочаш, хоча; незак.

1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. □ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.

2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. □ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.

3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.

4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.

5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.

•••

Еш не хачу гл. есці.

Калі хочаш (хочаце) гл. калі ​2.

Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.

Як левая нага хоча гл. нага.

Як (сабе) хочаце (хочаш) — а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.

хаці́на, ‑ы, ж.

Тое, што і хата (у 1 знач.). Крывавы зброд руйнуе брудным ботам Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў. Панчанка. Пабудавалі [Максім з Ганкай] сабе на востраве хаціну, набылі сёе-тое з хатніх рэчаў. Машара. // Убогая або старая, пахілая хата. — Хочаш не хочаш, а пераехаць прыйдзецца, — сказаў Раман Дзянісавіч, — хоць бы нават таму, што і наша хаціна асуджана на знос. Хадкевіч. Хаты невысокія, але ўсе добрыя, усе новыя. Старых, пахілых хацін нідзе не відаць. В. Вольскі.

хаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да хаціна; невялікая несамавітая хаціна, хата. Старая Дар’я пакінула маладому Ігнату ў спадчыну дзве дзесяціны нікудышнай зямлі ды хацінку ў два акенцы. Шашкоў. Урэзалася ў маю памяць малюсенькая, нібы труна, хацінка Ніканорыхі. Бядуля.

ха́цішча, ‑а, н.

Разм. Месца, дзе раней стаяла хата. Лёгка адшукаць яшчэ Родную руіну — На зарослым хацішчы Расцвіла шыпшына. Вітка. Бераг зарос крапівою па пояс, крапіва буяла і над каменнем якогасьці хацішча. Лось. А неўзабаве на старым хацішчы ўжо стаялі вось гэтыя тры вянцы новага зруба... Сіпакоў.

хаця́, злучн. і часціца.

Разм.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.

2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.