хаўбе́к, ‑а, м.
Уст. У футболе і хакеі — паўабаронца.
[Англ. half-back.]
ха́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Хапаць паветра і выдыхаць раскрытым ротам; цяжка дыхаць. — Ліха бо ведае гэтага нездаляку, — падзівіўся сам сабе Ахвіцэрык. — Нядаўна ж ляжаў і ледзь хаўкаў. Даніленка. Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў. Пташнікаў.
2. Пазяхаць. — Яшчэ не прыдумаў. — Віця пазяхае. — Мабыць, пераспаў. Не даспіш, ці пераспіш — хаўкаеш, як сабака. Місько.
ха́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хаўкаць.
хаўлу́к, ‑а, м.
Разм. Касмыль шэрсці, ваты.
хаўру́с, ‑у, м.
Разм.
1. Група людзей, звязаных агульнымі мэтамі, інтарэсамі. У Малінаўцы лён церлі талакой. З даўніх часоў у засценку склалася некалькі хаўрусаў са сваякоў і суседзяў. Чарнышэвіч. Стаў Антось даваць машыну другім гэтакім малазямельным і платы за гэта не браў. Так паступова пачаў складвацца нейкі бядняцкі хаўрус па малацьбе. Кулакоўскі.
2. Саюз, садружнасць. Жыла.. [маці] цяпер з таго, што ўвайшла ў хаўрус з дворнічыхай. Гарэцкі. [Леапольд] прадае ўвесь свой набытак, уступае ў кабальны хаўрус з кулаком. Барсток. / у перан. ужыв. Гракі ў хаўрусе са шпакамі Вандруюць вывадкам усім. Калачынскі.
3. у знач. прысл. хаўру́сам. Сумесна, гуртам, усе разам. Людзі ўсе хаўрусам, талакой змуравалі мост па-над ракой. Дубоўка.
•••
У хаўрусе — сумесна, разам.
хаўрусава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
Разм. Мець з кім‑н. хаўрус, быць у хаўрусе з кім‑н. [Шумакевіч:] — А пра.. Міцкевіча [Якуба Коласа] адно можна сказаць, што гэта мужык. З намі, дваранамі, ён не дружыў, а ўсё хаўрусаваў з мужыкамі, з пінкавіцкай галотай. «Помнікі».
хаўру́снік, ‑а, м.
Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.
хаўру́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Агульны, сумесны. Хаўрусніцкая работа.
хаўру́сны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які належыць хаўрусу. Хаўрусная малатарня. □ [Ганна:] — Хутка год будзе, як падглядалі хаўрусных пчол. З таго ты [Кацярынка] і не была ў Ластку. С. Александровіч.