Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ха́халь, ‑я, м.

Разм. Палюбоўнік, залётнік. Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне: — Ці не хахаля ты такога знайшла, Шура? Шамякін.

ха́ханькі, ‑аў; адз. няма.

1. Жартачкі. — Цяпер мы сапраўдныя рабінзоны, — пажартаваў Паўлік, пляскаючы з усёй сілы сябе па патыліцы. — Яму яшчэ хаханькі ў галаве, — злосна падумаў я, дрыжучы ад холаду. Бяганская.

2. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка, смешна. [Дзед:] — Табе [Змітраку] хаханькі, а мы стаім, дарагі час на малацьбе трацім... Рылько.

•••

Не хаханькі — пра што‑н. сур’ёзнае, значнае, нялёгкае. [Шпунцік:] — А зараз паспрабуй управіцца, — адзін дзень застаўся. Дый дабрацца няма як, — семнаццаць кіламетраў — не хаханькі. Корбан.

хахла́ч, ‑а, м.

Млекакормячая жывёліна сямейства цюленевых; самцы гэтых жывёлін маюць падскурны мяшок на галаве, які пры ўзбуджэнні раздзімаецца.

хахулёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хахулі. Хахулёвая нара. Хахулёвы корм. // Зроблены з футра хахулі. Хахулёвы каўнер.

хаху́ля, ‑і, ж.

Вадзяны звярок атрада насякомаедных з каштоўным футрам бура-шэрага колеру, а таксама футра гэтага звярка.