Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хан, ‑а, м.

Тытул манарха, феадальнага правіцеля ў некаторых цюркскіх і мангольскіх народаў. // Асоба, якая мае гэты тытул.

[Цюрк.]

хана́, нескл., ж.; у знач. вык., каму-чаму.

Разм. груб. Канец, смерць. [Шапавалаў:] — Ну, таварыш капітан, нам проста пашанцавала, што паспелі выбрацца з таго праклятага балота! Хана была б усім! Шашкоў. Машына, як вядома, любіць аднаго гаспадара. А пойдзе па руках, так і знай, што хана ёй. Курто.

хандра́, ‑ы, ж.

Маркотны, сумны настрой; туга. Пад дзеяннем усё той жа хандры, якая яго выгнала з інтэрната, Міша ўстаў, апрануў паліто і пайшоў на вуліцу. Карпюк. Ні маці, ні бабулька не папракалі, цярпліва чакаючы, калі пройдзе.. хандра [у Марынкі]. Шыцік.

[Ад грэч. hypochondria.]

хандро́ма, ‑ы, ж.

Спец. Дабраякасная пухліна з храстковай тканкі.

[Грэч. chondros — храсток і ...ōma.]

хандры́ла, ‑ы, ж.

Травяністая расліна сямейства складанакветных, з млечнага соку якой здабываецца каўчук.

[Грэч. chondrillē.]

хандры́т, ‑а, М ‑рыце, м.

Каменны метэарыт.

[Ад грэч. chondros — зерне.]

хандры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Знаходзіцца ў стане хандры; сумаваць, тужыць. — Чалавек прывыкае да людзей і, калі адзін апынецца, пачынае хандрыць. Гурскі. Жонка вядзе сваё: — Хандрыць пачынаеш, Іван. Нядобрыя сімптомы. Шамякін.

ханжа́ 1, ‑ы, м. і ж.

Разм. Прытворна набожны або прытворна дабрадушны чалавек; крывадушнік. І вось рашылі хлопцы выкрыць мараліста, Як кажуць, вывесці ханжу на чыстую ваду. Валасевіч. Звярнуўшыся да ксяндзоў, [Ян] прадаўжаў крычаць: — Дакуль вы будзеце ашукваць народ, вы — дармаеды, езуіты, ханжы?! Пестрак.

ханжа́ 2, ‑ы, ж.

Разм. Кітайская неачышчаная хлебная гарэлка. // Самагонка наогул. Гэты п’янчужка пісаў і Аксенту заяву, дзеля чаго яны дасталі былі трохі ханжы і разам выпілі. Зарэцкі.

ха́нжаскі, ‑ая, ‑ае.

Поўны ханжаства; крывадушны. Ханжаскія паводзіны. □ Горкі з’едліва высмейваў фальшыва-апякунскі тон і ханжаскую «спагадлівасць» некаторых «знаўцаў» сялянскай душы. Перкін.

ха́нжаства, ‑а, н.

Прытворная, паказная набожнасць, дабрадзейнасць; крывадушша. [Гелена:] — Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго. [Майка:] — Гэта было б ханжаства... Караткевіч. Думаць адно, а гаварыць вучням другое ён [Лабановіч] не можа. Ніякага ханжаства, крывадушша не дапусціць. Навуменка.