Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ха́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. груб. Твар чалавека. Заехаць у хару.

2. Уст. Маска ў выглядзе звярынай морды або смешнай і страшнай фізіяноміі. Маскарадныя хары.

харавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да хору. Харавая культура ў рэспубліцы стаіць на вельмі высокім узроўні. «Беларусь». // Які выконваецца хорам, прызначаны для выканання хорам. Харавыя народныя песні.

2. Разм. Групавы, калектыўны. Харавое чытанне.

харакі́ры, нескл., н.

Самазабойства шляхам успорвання жывата, прынятае ў японскіх самураяў.

[Япон. hara — жывот і kiru — рэзаць.]

хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

хара́ктарнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць характарнага. У такім кірунку працаваў і Платонаў, у якога вонкавая характарнасць — не самамэта і не першааснова. Сабалеўскі.

хара́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Які ўвасабляе пэўны псіхалагічны тып. Характарны акцёр. □ [Буйніцкі] быў тыповым акцёрам старога складу на так званыя характарныя, бытавыя ролі. «Полымя».

характарызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад характарызаваць.

характарызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; незак.

1. Мець якія‑н. адметныя рысы, вызначацца якімі‑н. асаблівасцямі. Якраз рамантызм характарызуецца павышанай увагай да ўнутранага свету чалавека. Каваленка.

2. Зал. да характарызаваць (у 1 знач.).

характарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Даць (даваць) характарыстыку каму‑, чаму‑н., вызначыць (вызначаць) адметныя рысы, асаблівасці каго‑, чаго‑н. [Намеснік дырэктара:] — Мне цябе характарызавалі з самага лепшага боку. Грамовіч. — Яна ў цябе, як ведзьма, — характарызаваў Рыгор Петрусю яго гаспадыню. Гартны.

2. Выявіць (выяўляць) адметную рысу, асаблівасць каго‑, чаго‑н. Нашу [беларускую] раннюю прозу.. характарызуе глыбокая дэмакратычнасць. Пшыркоў.

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.