Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

ха́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да хаты. Хатняе акно. □ Скрозь хатнія дзверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гарэцкі. // Прызначаны для хаты, для бытавых патрэб. Хатні тэлефон. Хатнія туфлі. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў, каб сынам зберагчы. Калачынскі. Але асабліва любіў.. [настаўнік] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду, майстраваў.. полкі і полачкі, табурэткі і лаўкі. Якімовіч. // Звязаны з доглядам хаты, з сямейнымі клопатамі. І я люблю прытулак хатні — Парадак поўны, прыгажосць. Агняцвет. Пазней мы даведаліся, што Люба выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Бяганская. / у вобразным ужыв. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць.. [Вользіну] застылую душу. Шамякін. // Прыгатаваны ў хаце, у хатніх умовах. П’е з конаўкі жанчына Халодны хатні квас. Куляшоў.

2. Прыватны, сямейны. Хатняе выхаванне. □ Каб зарабіць на пражыццё, Змітрок Бядуля становіцца хатнім настаўнікам, вучыць местачковых дзяцей пісаць і чытаць. Каваленка.

3. Просты, свойскі. Марына не бачыла ў .. [Собіча] такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты. Скрыган. — Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. Караткевіч.

4. Які расце, гадуецца пры хаце, у хаце. Хатнія жывёлы. □ Заўсёды шмат мела.. [доктарыха] садовых і хатніх кветак. Чорны. // Які водзіцца ў хаце. Цяжкія раны наносіць драўляным пабудовам хатні грыб. Гавеман.

5. у знач. наз. ха́тнія, ‑іх. Члены сям’і. Калі.. [Андрэй] быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. Колас. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч.

•••

Хатні скарб — каштоўнасці, пажыткі, маёмасць.

Хатняе заданне — заданне вучням, якое неабходна выканаць дома.

Хатняя гаспадыня гл. гаспадыня.

Хатняя работніца гл. работніца.

ха́тнік, ‑а, м.

Уст. Культурна-асветніцкі работнік на вёсцы, загадчык хаты-чытальні. Работа хатнікаў — справа цяжкая, але высакародная і захапляючая. Гэта ж праца для душы. «Беларусь».

хатулёк, ‑лька, ж.

Разм. Памянш. да хатуль; невялікі хатуль. У каго торба вісела праз плячо, як у старца, у каго за спінаю целяпаўся зрэбны хатулёк. Грахоўскі.

хату́ль, ‑я, м.

Разм. Вялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку, посцілку і пад., які звычайна носяць за спінай. Праз гадзіну ўся Старыца — на фурманках і пешкі, з хатулямі, кошыкамі, скрынкамі, гонячы перад сабой жывёлу, — рушыла ў лес. Хадкевіч. Васіль з хатулём за плячыма і чамаданам у руцэ ідзе паволі, не спяшаючыся. Кавалёў. / у вобразным ужыв. Зямля наша пагарбела — Магіл хатулі За плячыма... Барадулін.

хаты́ль, ‑я, м.

Абл. Хатуль. Я закінуў за плечы свой дарожны хатыль і пабрыў на луг, абмінаючы кусты вербалозу. Чыгрынаў.