ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)