хацець, хачу, хочаш, хоча; незак.
1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. ▪ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.
2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. ▪ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.
3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.
4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.
5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.
•••
Еш не хачу гл. есці.
Калі хочаш (хочаце) гл. калі 2.
Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.
Як левая нага хоча гл. нага.
Як (сабе) хочаце (хочаш) — а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.