хаця́, злучн. і часціца.
Разм.
1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.
2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.
3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)