уго́ддзе, ‑я, н.
Участак зямлі, які мае гаспадарчае прызначэнне. Сенакосныя ўгоддзі. Лясныя ўгоддзі. □ Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай, разглядаючы калгасныя ўгоддзі і іх межы. Хадкевіч.
уго́дкі, ‑дак; адз. няма.
Уст. Гадавіна з дня смерці; адзначэнне гэтай даты. // Наогул урачыстасць, прысвечаная гадавіне якой‑н. падзеі. Добра і тое, што кніга А. Лойкі ўбачыла свет іменна сёлета, калі наша грамадскасць адзначае 75‑я ўгодкі з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Юрэвіч.
уго́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць угодлівага; ліслівасць. Руды твар Сяміздрава выказваў угодлівасць і ціхмянасць. Шчарбатаў.
уго́длівы, ‑ая, ‑ае.
Празмерна паслужлівы, ліслівы; дагодлівы. У яго [Івана Дулькі] былі маленькія .. вочкі, ліслівая ўсмешачка блукала па твары, і ўвесь ён быў такі ўгодлівы, пачцівы, ліпкі. Кірэенка. // Які выражае ўгодлівасць, ліслівасць. Угодлівыя вочы. □ Круглы твар старасты свеціцца, як сонца. Угодлівы смех коціцца гарохам. Колас.
уго́днік, ‑а, м.
1. Разм. зневаж. Той, хто імкнецца дагадзіць каму‑н.; угодлівы чалавек.
2. Уст. У рэлігійным уяўленні — святы, які ўгадзіў богу сваім бязгрэшным жыццём. На покуце над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. Колас. Цётка Тэкля, самая набожная ў вёсцы жанчына, пераблытала і накрыла чыгун з бульбай для свіней абразом Міколы ўгодніка. Курто.
уго́дніцтва, ‑а, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угоднічаць; паддобрыванне, падлашчванне, удыганне. Яго прынцыповай натуры праціўна было ўгодніцтва.
уго́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Весці сябе ўгодліва; паддобрывацца да каго‑н., удыгаць перад кім‑н. Справу Пуліхава разглядаў іншы суд. Суд, які ўгоднічаў, патураў, прыслужваўся. Мехаў.
уго́йдвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да угайдацца.
уго́лас, прысл.
1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.
2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.