Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

угнае́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угнойваць — угнаіць.

2. Рэчыва, якое ўносіцца ў глебу для павелічэння ўраджаю. Мінеральныя ўгнаенні. Зялёныя ўгнаенні. □ Штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем. Ермаловіч. Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак.

угнаі́цца, угноіцца; зак.

Палепшыцца ад унесеных угнаенняў, стаць угноеным.

угнаі́ць, угнаю, угноіш, угноіць; зак., што.

Унесці ў глебу ўгнаенне (у 2 знач.), зрабіць угноеным. І гэты кавалак [поля] пусты, але ж яго хоць угнаіць можна. Колас.

угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.

1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.

2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.

угне́ванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць угневанага. — Дык чаго гэта мне выйсці? — ужо з адценнем угневанасці перапытала Альбіна. Сабаленка.

угне́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад угнявіць.

2. у знач. прым. Якога ўвялі ў гнеў. Шыковіч перавёў позірк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар. Шамякін. // Які выяўляе гнеў. Гаварыць угневаным голасам.

угне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Увайсці ў вялікі гнеў; разгневацца, раззлавацца. [Міколка:] — Відаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт... Лынькоў. Добра, што так абышлося з табою, а та я хацеў на цябе ўжо ўгневацца, — сказаў Шафранскі і падаў мне руку на развітанне. Сабаленка.

угні́цца, угніецца; зак.

Разм. У значнай меры згніць.

угно́енасць, ‑і, ж.

Ступень насычанасці глебы ўгнаеннямі, спажыўнымі рэчывамі для раслін. Угноенасць глебы.

угно́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад угнаіць.

2. у знач. прым. Насычаны спажыўнымі рэчывамі для раслін (пра глебу). Угноенае поле.