угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.

1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.

2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)