Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

угла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угладзіць.

угла́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да угладжваць.

угла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угладзіць.

угла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм. Зрабіць вельмі гладкім.

угле́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угледзець (у 1, 5 знач.).

угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.

2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.

3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

углы́б, прысл. і прыназ.

1. прысл. Углыбіню, унутр. Не паспее паплавок дакрануцца паверхні, як адразу штопарам ідзе ўглыб. Місько. [Хмялеўскі:] — Ласі сустракаліся, а цяпер няма. Сышлі ўглыб. Чарнышэвіч. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў. Чорны. // перан. У сутнасць чаго‑н. Пошук паэта пайшоў углыб. Лойка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «углыб» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на кірунак у глыбіню або ўнутр чаго‑н. Лес палье [дождж] — Глядзі, й дубок Новы выкіне сучок. Пусціць воды Долу ўглыб І палезе ўгору грыб. Калачынскі.

углыбіню́, прысл.

Тое, што і углыб (у 1 знач.). — Лётаеш, і ўсюды ты [Лёнька] навічок, добра яшчэ, што не падсобным бяруць, а па чацвёртаму разраду. Як гэта Ніскевіч казаў — адзін слізгае па паверхні, а другі расце ў глыбіню, — адчытвала хлопца Надзейка. Сапрыка.

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.