Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.

птушаня́тка, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да птушаня; маленькае птушаня. Карэспандэнт узяў з рук хлопчыка гняздзечка, якое не мела адной сценкі. Але чацвёра ледзь апераных птушанятак змяшчаліся ў ім і разяўлялі дзюбкі. Пестрак.

птушаня́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушаняці, птушанят. Птушанятны ўзрост.

2. у знач. наз. птушаня́тныя, ‑ых. Птушкі, у якіх птушаняты вылупліваюцца з яек бездапаможнымі і доўгі час знаходзяцца ў гняздзе, дзе іх абаграваюць і кормяць бацькі.

пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.

2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.

•••

Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.

Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.

Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.

Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.

птушка...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «птушка», напрыклад: птушкагадоўля, птушкабаза, птушкасаўгас.

птушкаадко́рмачны, ‑ая, ‑ае.

Створаны, прыстасаваны для адкорму птушак. Птушкаадкормачны пункт.

птушкаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і птушкагадовец.

птушкагадо́вец, ‑доўца, м.

Спецыяліст па птушкагадоўлі; асоба, якая займаецца птушкагадоўляй.

птушкагадо́ўля, ‑і, ж.

Развядзенне, гадоўля свойскай птушкі як галіна жывёлагадоўлі.

птушкагадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да птушкагадоўлі, які займаецца птушкагадоўляй. Птушкагадоўчая ферма. Етушкагадоўчы саўгас.