птамаі́н, ‑у, м.
Спец. Арганічнае атрутнае рэчыва, якое ўтвараецца ў працэсе гніення бялкоў; трупная атрута.
[Ад грэч. ptōma — труп.]
пта́ства, ‑а, н., зб.
Птушкі. Птаства тут [у лесе] было многа: былі тут вераб’і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя. Колас. Ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства. Лынькоў. Дзяўчына таропка гнала да рэчкі сваё крыклівае белае птаства. М. Ткачоў.
птах, ‑а, м.
Разм. Птушка, звычайна вялікая. У непраходнай глухамані гняздзіцца на векавых дрэвах рэдкі птах — чорны бусел. В. Вольскі. Дзед ганарыўся галубамі: маўляў, ні ў каго няма такіх разумных птахаў, як у яго... Сабаленка.
пта́ха, ‑і, ДМ птасе, ж.
Разм. Птушка. Нырне птаха з галавой у ваду, і хвіліну-другую толькі хвост, як венік-дзяркач, тырчыць на паверхні. Навуменка. [Дзед:] — Не прывык ты, галубок, на адным месцы быць. Пералётнай птахай стаў. Даніленка.
пта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Дробная птушка. Пташкі-ластаўкі ляталі То на двор, то са двара, Над гняздзечкамі снавалі І так міла шчабяталі, Як бы жычылі дабра. Колас.