нуда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Непрыемны душэўны стан, выкліканы немагчымасцю здзейсніць свае надзеі, жаданні; сум, туга. Нярэдка нападала на Хадкевіча нуда, і тады ўся яго істота рвалася да дачкі. Васілевіч. // Непрыемны душэўны стан, выкліканы бяздзейнасцю або адсутнасцю заняткаў, цікавасці да чаго‑н. [Дзеду] на паравозе толькі жыццё, а так ён гіне, нуда яго заядае. Шынклер. [Наталля:] Якая гэта нуда! Сядзі цэлы дзень ды глядзі ў акно, ці хутка .. [Караневіч] будзе ісці. Крапіва.
2. Разм. Нудны чалавек. [Зіна:] — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. Шыцік. — Эх, ты, нуда хадзячая! — скрывіўся Віктар. Маўр.
3. Паныласць, маркота. Ветры лютыя. Нудой імгліцца восень. Космы хмар па лужынах паўзуць. А. Александровіч. Зямля пяе, зямля гудзе: — Канец ну дзе, канец бядзе, Канец людскому гору!.. Бялевіч.
нудзе́ць, ‑дзе́ю, ‑дзе́еш, ‑дзе́е; незак., па кім-чым і без дап.
Нудзіцца. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. [Ліба:] — Вам тут не нудна, Рыгор? — Некалі нудзець... Гартны.
нудзі́цца, нуджу́ся, ну́дзішся, ну́дзіцца; незак.
Адчуваць нуду, быць у стане нуды (у 1 знач.). — Ты дужа не нудзіся, дачушка. Слязамі гору не паможаш, — супакойвалі Настасю бацькі. «Работніца і сялянка». З-за ельнічку даносіліся чужая п’яная песня з выкрыкамі ды час ад часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце... Мележ.
ну́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.
1. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Хлопцы вярнуліся да рукзакоў, той-сёй прыклаўся да сваіх пляшак, бо самалёт добра кідала і некаторых пачало нудзіць. Новікаў. Ванду нудзіла. Каб не зваліцца з ног, яна прытулілася да сцяны. Мяжэвіч.
2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н. [Шпакоўскі:] — Нудзіць мяне, калі ты ныеш. Гурскі. Мяне ўжо нудзіла ад .. [балаганных] відовішчаў. Мікуліч.
нудзі́ць, нуджу́, ну́дзіш, ну́дзіць; незак.
1. па кім-чым і без дап. Тое, што і нудзіцца. — Так, мы ўсе тут нудзім па радзіме ды па блізкіх, але... Ліба не дасказала. — Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней... Гартны. Цяпер.. [дзядзька Язэп] не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале — прывык патроху, што памёр ён. Чорны.
2. каго і без дап. Выклікаць, наганяць пачуццё нуды. Па-ранейшаму [Міканор] не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго. Мележ. Апошні агеньчык мой дагарае. І студзіць, і нудзіць асенні дождж. Вярба.
нудлі́ва,
1. Прысл. да нудлівы.
2. безас. у знач. вык. Пра нудлівасць, тужлівае пачуццё, якое адчувае хто‑н. Неспакойна было на сэрцы, нудліва.
нудлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нудлівага.
2. Тое, што і нуда (у 1 знач.). Жыццё насміхаецца з кволых, Не любіць нудлівасці, слёз. Прануза.
нудлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны нуды, тужлівага настрою. Нудлівая песня.
2. Які наганяе нуду, сум. [Варашкін] заснуў пад непрыемны і нудлівы посвіст ветру за акном. Савіцкі.
3. Які трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Застаўшыся на месцы са жменькай мужчын, Сцёпка нерухома глядзеў услед натоўпу. Нудлівы боль і злосць — не то на іх, не то на сябе, што не здолеў угаварыць [людзей]. Крапіва.
ну́дна,
1. Прысл. да нудны.
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нуды, якое адчувае хто‑н. На развітанні.. [Захарыя] сказаў, што вельмі рады знаёмству, бо Гіго аднаму было вельмі нудна. Самуйлёнак. // Пра нуду, сум, якія пануюць дзе‑н. Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Бядуля.
нуднава́та,
1. Прысл. да нуднаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нуды, якое адчувае хто‑н. Праз гадзіну-другую, калі прыгрэла сонца, ліні брацца перасталі і нам зрабілася крыху нуднавата. Ляўданскі.
нуднава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі нудны. Нуднаваты чалавек.